Мінская «Венецыя» на вуліцы Валгадонскай
Для жыхароў мінскай вуліцы Валгадонская, дзе пераважае прыватная забудова, кожны лівень ператвараецца ў стыхійнае бедства.
Яны не адзін раз выклікалі МНС і рамонтнікаў, але карціна не змяняецца — падтопленыя дамы, замочаныя аўтамабілі, сапсаваная маёмасць.
Жыхарка аднаго з пацярпелых дамоў Вераніка Боўкала распавяла, што толькі за гэтае лета ў іх такі патоп ўжо другі раз:
«Наш дом стаіць у нізіне, і да нас вада цячэ з усіх бакоў. Мы выклікалі МНС. У мінулы раз прыехалі ратавальнікі. Адзін з іх кажа: «Давайце вам ваду адпампуем». А ў нас
склеп, вада калі яго перапаўняе, усё ў пакой ідзе. Тады заехалі, што там засталося, адпампавалі. Цяпер нават гэтага не было. Кажуць, што ў іх на машынах стаяць дарагія фільтры, таму адпампоўваць не
будуць. Так і кажуць: навошта адпампоўваць з пустога ў парожняе. А мы тут жывём».
«У мінулым годзе рамонтнікі нешта капалі, мянялі злівы, варылі, але гэта не дапамагае. Я не ведаю, што нам рабіць», — кажа мясцовая жыхарка. Па словах Веранікі Боўкала, рабіць рамонт у доме асаблівага сэнсу няма, бо кожны
год усё паўтараецца: «Мы вось лінолеўм паклалі, каб хоць неяк вырашыць гэтую праблему. Але вада ўсё роўна залівае».
Таму мясцовым жыхарам даводзіцца спраўляцца сваімі сіламі — яны адкрываюць вокны
і вёдрамі вычэрпваюць ваду вонкі.
Як распавёў сусед Веранікі Іван Куракевіч, у чацвер прыязджалі рамонтнікі, сказалі, што пра праблему ім вядома, але грошай у бюджэце няма і нічога яны зрабіць не могуць. Яго дом таксама церпіць
пры ліўнях. Кухня і ванны пакой знаходзяцца ў склепе, і там вада можа стаяць па калена.
«Людзі па вуліцы адкрываюць люкі, каб вада сыходзіла, каналізацыя не спраўляецца, і ўсё цячэ да нас», — кажа Іван.
Самых страшных момантаў паводкі жыхары не сфатаграфавалі. Як патлумачыў Іван, «мы спачатку з вёдрамі бегаем, а потым ужо пачынаем з фотаапаратамі забаўляцца».
Сяргей Чыжык жыве каля скрыжавання, дзе пры ліўнях не раз «танулі» аўтамабілі: «Нам пашанцавала, дом не затапляе, але вось у некалькіх метрах такая вада стаяла, што
машыну прыйшлося на эвакуатары везці».
Сіноптыкі абяцаюць, што на выхадныя ў Мінску зноў будуць дажджы. Жыхары вуліцы Валгадонскай не губляюць надзеі, што муніцыпальныя ўлады ўсё ж прыдумаюць, як вырашыць іх праблему. Але пакуль
вымушаныя аберагаць свае хаты ад вады падручнымі сродкамі.
naviny.by