Мінскі забудоўшчык адмовіўся ўзводзіць мікрараён побач з Курапатамі

Праектную дэкларацыю на будаўніцтва адклікалі. На кватэры ў планаваным масіве «адсутнічае попыт», а праект «немагчыма рэалізаваць».

Такім павінен быў быць мікрараён «Сонечны». Фот: МАПІД

Такім павінен быў быць мікрараён «Сонечны». Фот: МАПІД


Ад 2020 года за «Экспабелам» у раёне трасы на Лагойск узводзіцца жылы комплекс ад МАПІДа. Цэны на кватэры ў малапавярховым комплексе з закрытымі дварамі забудоўшчык агучыў толькі летам мінулага года. Многім тады яны падаліся высокімі. З таго часу пра комплекс каля вядомага савецкімі расстрэламі ўрочышча Курапаты нічога не было чуваць, а цяпер у газеце «Звязда» з’явілася аб’ява, якая тычыцца праекта.

У апублікаваным паведамленні гаворыцца, што ААТ «МАПІД» адклікае праектную дэкларацыю аб праекце будаўніцтва аб’екта «Жылы мікрараён у раёне пасёлка Сонечны Мінскага раёна» (паводле Генплана) за 27 жніўня 2022 года з прычыны адсутнасці попыту на гэты аб’ект і немагчымасцю яе рэалізацыі.

«Сонечны» — жылы праект МАПІДа. Комплекс будуюць на ўчастку каля 22 га ў аднайменным пасёлку за «Экспабелам». Па праекце тут павінен з’явіцца цэлы раён, які складаецца са шматкватэрных дамоў, таўнхаусаў і катэджаў. Усё жыллё ў квартале павінна было быць панэльным — са зборнага жалезабетону.

Прадстаўляючы праект, у «МАПІД» заявілі, што дамы павінны былі быць пасаджаны на стылабат і збірацца, як канструктар — на балтавых злучэннях без зваркі.

Першай у 2020 годзе стартавала будоўля сяміпавярховікаў. Праз пытанні з электразабеспячэннем (новы квартал павінен быць цалкам электрычным) работы на некаторы час прыпыняліся, аднак затым будаўніцтва аднавілі. У першым доме праекта, які складаецца з 7 паверхаў і 78 кватэр, забудоўшчык прапанаваў 39 кватэр. Кошт «квадрата» ў адмененай ужо дэкларацыі складаў 3980 рублёў (каля 1560 долараў). У цану ўваходзіў таксама паркінг.

Завяршыць першы жылы дом павінны былі ў сакавіку сёлета. Увесь комплекс планавалі здаць у эксплуатацыю цягам 5-6 гадоў.

Таксама ў праект уваходзіла будаўніцтва пачатковай школы і дзіцячага садка.


Дарэчы, менавіта сёння ў некаторых СМІ з’явілася інфармацыя пра затрыманне генеральнага дырэктара ААТ «МАПІД» Мікалая Мілашэўскага. Са спасылкай на неназванага былога работніка ААТ пішуць, што затрыманне адбылося на мінулым тыдні, і пакуль ніхто не выдае ні прычын, ні абставін. У структурныя падраздзяленні прыйшоў загад, каб яго замяніў першы намеснік Леанід Астрэйка.

Журналісты патэлефанавалі ў прыёмную прадпрыемства, каб нібыта запісацца на асабісты прыём да Мілашэўскага, які ён вядзе кожны трэці чацвер месяца. У прыёмнай сказалі, што «Мілашэўскі знаходзіцца на бальнічным, а прыём вядзе Астрэйка».

Адзначым, што ААТ «МАПІД» — найбуйнейшае будаўнічае прадпрыемства Беларусі. У мінулым годзе яму нават уручылі прэмію ўрада за дасягненні ў галіне якасці 2021 года.