Мінскі бард пасля вяртання з Марыупалю: людскіх стратаў больш, чым афіцыйна прызнаецца

Былы беларускі памежнік, маёр запасу Зміцер Захарэвіч у жніўні выконваў для ўкраінскіх байцоў АТА песні і вершы.



2013_3.jpg

Зміцер Захарэвіч у жніўні даў 5 канцэртаў для ўкраінскіх вайскоўцаў і добраахвотнікаў, якія ваююць пад Марыупалем. Сваімі ўражаннямі ён падзяліўся з «Радыё Свабода».

«Мэта ў нас была — падтрымаць маральна ўкраінскіх байцоў, паказаць ім беларускую салідарнасць, што шмат беларусаў падтрымліваюць іх змаганне за незалежнасць. Сёння там ідзе барацьба ня толькі за Ўкраіну, але і за Беларусь. Адчуваю абавязак і перад сваімі ўкраінскімі сябрамі — выказаць ім сваю салідарнасць», — кажа Захарэвіч, былы памежнік.

«Мы былі на фронце каля вядомага сяла Шырокіна пад Марыупалем, у такіх населеных пунктах, як Чармалык, Кірылаўка. Гэта побач з нейтральнай паласой, бачылі яе на ўласныя вочы. Выступаў з канцэртамі перад байцамі — спяваў свае песні, чытаў вершы. У розных умовах: у нейкіх бункерах, непасрэдна на блок-пастах, па месцы дыслакацыі. Наведалі ня толькі пазіцыі, дзе стаяць разведчыкі-унсаўцы, але таксама і памежнікаў, Нацгвардыю. За тры дні даў пяць канцэртаў».

«Абстрэлы адбываюцца там штоноч, пачынаюцца недзе каля 8—10 вечара і могуць ісці да самой раніцы. А вось у пятніцу, 28 жніўня, калі мы былі на 11-м блок-посце, дык абстрэл быў удзень, а палове на трэцюю. Абстрэльвалі з мінамётаў»

«Цяпер суадносіны сілаў там прыкладна роўныя. Баец «Таполя» нам казаў, што Марыупаль яны ні ў якім разе не здадуць, а калі сепаратысты зноў сунуцца, дык для іх тут будзе, як Сталінград для немцаў. Кажуць, што сам Марыупаль добра абаронены, называюць абарону «лініяй Парашэнкі», але прызнаюць, што ўдар могуць нанесці вышэй, на поўнач ад гораду, каб выйсці да мора за Марыупалем і замкнуць «кацёл».

Мяркуюць, вельмі шмат будзе залежаць ад камандавання. Да камандавання ў шарагоўцаў застаецца шмат прэтэнзіяў: што марудзяць, што не ўзгадняюць дзеянні паміж рознымі структурамі і часткамі. А што да настрою саміх шарагоўцаў, дык ён баявы, яны не саступяць і нават гатовыя ісці ў наступ, каб ачысціць украінскія тэрыторыі ад сепаратыстаў і расейскіх вайскоўцаў».

«Усе прызнаюць, што насамрэч стратаў больш, чым афіцыйна прызнаецца адпачатку. І наадварот, пра страты сепаратыстаў ідзе перабольшванне. Байцы жартуюць, што калі б скласці страты сепаратыстаў, пра якія кажуць афіцыйныя крыніцы ва Ўкраіне, дык на тым баку не засталося б байцоў. Але ўсе разумеюць, што гэта элементы інфармацыйнай вайны, якую вядуць абодва бакі».

Што да настрояў насельніцтва ў Марыупалі, то «мяркуючы па тых кантактах, што мы там мелі, настроі прыкладна такія: большасць за тое, каб не было вайны. То бок тая ўлада ці гэтая, толькі б не стралялі, не давялося б усё кідаць і ўцякаць. Палітычныя сімпатыі прыкладна пароўну паміж прарасейцамі і праўкраінцамі. Знешне бачна, што горад жыве сваім жыццём, працуюць установы, кавярні адкрытыя па вечарах. Пра славутыя марыупальскія металургічныя заводы кажуць, што яны працуюць, праўда, можа, не на поўную моц. Жартуюць, што раней памыеш аўтамабіль, дык праз ноч ён зноў чорны, а цяпер — чысты. Нас правезлі па горадзе, паказалі спаленыя будынкі гарадзкой управы міліцыі, гарадской адміністрацыі. Прывезлі на пляж. Можа, пляж быў і не такі поўны, але людзі адпачывалі».

«Што да назваў, дык як была вуліца Арцёма, гэтак яна пакуль і ёсць, магчыма, рукі яшчэ не дайшлі. Нават праспект Леніна як быў, гэтак пакуль і застаўся. Але помнікаў Леніну ўжо няма, стаяць пустыя пастаменты».

«Бачылі яшчэ аўтамабілі АБСЕ. Але там сітуацыя такая: група АБСЕ звычайна выяжджае на лінію фронту ўдзень, а ўвечары яны вяртаюцца ў Марыупаль. І таму, як казалі хлопцы, уначы адбываюцца абстрэлы. Гэта я чуў і бачыў успышкі штоноч, як быў там. Таму ўкраінскія байцы асабліва ня вераць у АБСЕ і ў мінскія дамоўленасці. Кажуць, што веры ім няма. І сапраўды, якое замірэнне, калі вось у ноч на 27 жніўня пад абстрэлам пад Марыупалем загінуў 21 вайсковец, больш за 30 параненых — і гэта толькі афіцыйныя звесткі?»

Да Лукашэнкі «недавер застаецца. Адзначалі, што ён застаецца дыктатарам, да таго ж прарасейскім. Кажуць і тое, што ён круціцца, спрабуе ўседзець на двух крэслах. Але для іх вельмі важным было тое, што да іх прыехалі падтрымаць іх барацьбу менавіта з Беларусі. Да нас ставіліся з вялікай павагай, скажу бяз лішняй ганарлівасці».

«У мяне нямала баявых песень, такіх вершаў, іх слухалі добра, усё нармальна. Але калі пераходзіў да лірычных, дык такая цішыня ўсталёўваецца, такая ўвага! Глядзіш па вачох, і бачыш, наколькі людзі сумуюць па сваіх сем’ях, па каханых жанчынах. Дарэчы, заўважу, што там ваюе шмат і тых, хто сам з тых мясцін Данецкай ды Луганскай абласцей, якія цяпер пад кантролем сепаратыстаў. Нездарма гэтыя вайскоўцы не фатаграфуюцца, каб не падстаўляць свае сем’і, бо ўжо былі і расправы. Мужнасцю гэтых людзей можна толькі захапляцца».