Мінскія ідэолагі загадалі зняць прынты вядомых карцін
Ідэолагі загадалі зняць прынты сусветна вядомых карцін, якія з 1 траўня віселі на фасадзе кавярні "Верхні горад" на плошчы Свабоды ў Мінску.

Фота са старонкі Каравянскага ў Facebook
Работы Рафаэля, да Вінчы, Маціса, Мікеланджэла і іншых мастакоў угнявілі супрацоўнікаў камітэта па ідэалогіі і культуры Мінгарвыканкама тым, што былі вывешаны без узгаднення з чыноўнікамі.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў Андрэй Каравянскі, куратар мінскага тыдня дызайну:
"Нават не разумею, як рэагаваць. Калі б там быў нейкі палітычны кантэкст або нецэнзурныя часткі цела былі намаляваныя... Але гэта ж шэдэўры сусветнага мастацтва!

Зараз карціны ўжо знялі з фасада.
Я вельмі добра ведаю людзей, якія сядзяць у аддзеле культуры. Я не разумею іх пазіцыю. Мне агучылі асноўную пазіцыю: тэрмінова зняць па распараджэнні аддзела культуры. Там віселі карціны Эдгара Дэга, Рафаэля Санці, "Стварэнне Адама" Мікеланджэла Буанароці, антрэ Маціса, Леанарда да Вінчы. Яшчэ было "Нараджэнне Венеры" Сандра Батычэлі, што ў ёй можа быць такога? Можа быць, "Крык" Эдварда Мунка нечым мог напалохаць? Я не разумею. У карцінах былі прыбраны некаторыя элементы: напрыклад у "Нараджэнні Венеры" была прыбраная Венера, можна было стаць на яе месца і сфатаграфавацца.

Фота са старонкі Каравянскага ў Facebook
Я разумею, калі прыдзіраюцца да пэўных аб'ектаў. Але тут... Гэта ж камітэт па культуры! Гэта самы асноўны камітэт, які вызначае культуру мінчан. У аддзеле арэнды мне сказалі вельмі жорстка, што зняць трэба неадкладна. Калі мы здымалі, людзі падыходзілі і прасілі сфатаграфавацца... "
Еўрарадыё не ўдалося атрымаць аператыўны каментар у Мінгарвыканкаме.
Раней прынты, якія абмяркоўваюцца, былі выстаўленыя ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Ніякіх нараканняў у гарадскіх уладаў гэтая экспазіцыя не выклікала.