Мінскія актывісты адведалі магілу Міхаіла Жызнеўскага (фотарэпартаж)
У другую гадавіну смерці Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў за свабоду Украіны падчас рэвалюцыі Годнасці, Рух салідарнасці «Разам» арганізаваў вандроўку пад Гомель, на могілкі, дзе ён пахаваны.
У аўтобусе было каля сарака чалавек, сярод якіх прадстаўнікі палітычных партый і рухаў, у тым ліку Партыі БНФ, Руху «За Свабоду», БХД, Моладзі БНФ і інш, а таксама мастак Алесь Пушкін, публіцыст Алесь Тамковіч, паэт Славамір Адамовіч, святар Леанід Акаловіч, пісьменнік Леанід Маракоў, бард Зміцер Захарэвіч, легендарны сцяганосец Ніна Багінская, мастачка з Нясвіжу Наталля Бордак…
На могілках падчас ушанавання памяці беларуса, якога ва Украіне шануюць як народнага героя, выступілі з прамовамі Павал Севярынец, Славамір Адамовіч, Алесь Макаеў, Алесь Тамковіч, Вячаслаў Сіўчык, Алесь Пушкін.
Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што Жызнеўскі быў сапраўдным светлым ваяром, які змагаўся не за інтарэсы алігархаў, а за вольную будучыню ўкраінскай дзяржавы і за правы яе грамадзян.
Беларус Міхалі Жызнеўскі, які ў 2005-м годзе быў вымушаны пакінуць Радзіму, дапамагаў у грамадска-палітычнай дзейнасці ўкраінскім нацыяналістам, быў сябрам самаабароны падчас украінскай рэвалюцыі Годнасці, загінуў у час жорсткіх сутыкненняў дэманстрантаў з праўладнымі спецпадраздзяленнямі на вуліцы Грушэўскай у Кіеве 22 студзеня 2014 года.
Удзячныя ўкраінцы сабралі грошы і набылі кватэру бацькам Міхаіла Жызнеўскага. Менавіта пра гэта марыў калісьці Міхаіл.
26 лістапада 2014 года ў Кіеве адкрыўся помнік Міхаілу Жызнеўскаму. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка пасмяротна ўзнагародзіў беларуса ордэнам Героя Нябеснай Сотні, а таксама прызначыў пажыццёвую дапамогу бацькам беларуса, які аддаў жыццё за свабодную і еўрапейскую Украіну. Надаць званне Героя Украіны Міхаілу Жызнеўскаму не дазваляе ўкраінскае заканадаўства, паколькі ён не меў украінскага грамадзянства.
7 ліпеня 2015 года сумеснымі намаганнямі беларусаў і ўкраінцаў на месцы пахавання Міхаіла Жызнеўскага ў Гомелі быў усталяваны помнік аўтарства скульптара Алеся Шатэрніка.
Украінцы не забываюць гераічную смерць беларуса. Два дні таму Прэзідэнт Украіны са сваёй жонкай усклалі кветкі да памятнага знаку Міхаілу Жызнеўскаму і Сяргею Нігаяну на вуліцы Грушэўская ў Кіеве.