Мінздароўя апублікавала рэкамендацыі для навучальных устаноў па COVID-19

Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя распрацаваў метадычныя рэкамендацыі на 2020/2021 навучальны год для адукацыйных устаноў па працы ва ўмовах распаўсюджвання COVID-19.

woman_wearing_face_mask_3902732_scaled.jpg


Рэкамендацыі распрацавалі для ўсіх навучальных устаноў Беларусі для дзяцей і дарослых, як дзяржаўных, так і прыватных. У дакуменце апісаны комплекс захадаў, каб зменшыць рызыку захварэць на COVID-19.

Адукацыйны працэс рэкамендуюць арганізоўваць з улікам прынцыпаў сацыяльнага дыстанцыявання. У прыватнасці:

• падзяліць час пачатку і заканчэння змен (навучальных заняткаў, заняткаў, перамен);

• павялічыць працягласць перапынкаў не менш як на 5 хвілін, каб праветрываць памяшканні;

• максімальна раз’яднаць навучэнцаў, а менавіта:

• замацаваць за кожным класам (вучэбнай групай) канкрэтнае памяшканне;

• рассаджваць з максімальнай дыстанцыяй;

• абмежаваць (забараніць) праводзіць лекцыйныя і аб’яднаныя групавыя заняткі або праводзіць іх з захаваннем дыстанцыі паміж навучэнцамі не менш як 1–1,5 м;

• па магчымасці перайсці з адной на дзве змены.

Рэкамендуецца таксама максімальна раз’яднаць навучэнцаў пры сумесным харчаванні, пражыванні, сне.

Масавыя мерапрыемствы ў памяшканнях рэкамендуюць абмежаваць (пераважна праводзіць іх на адкрытым паветры) або мінімізаваць колькасць удзельнікаў і захоўваць паміж імі бяспечную дыстанцыю.

Прапануюць абмежаваць правядзенне бацькоўскіх сходаў і асабістых сустрэч выкладчыкаў з бацькамі. Педагогам рэкамендуюць камунікаваць з бацькамі праз тэлефоны, электронную пошту і іншае. Тое самае тычыцца і працоўных нарадаў выкладчыкаў — іх лепш праводзіць у фармаце відэаканфэрэнцый.

Штодня перад пачаткам працы адукацыйнай установы ў яе работнікаў будуць мераць тэмпэратуру (пераважна бескантактнымі тэрмометрамі), апытваць, ці ёсць у іх сімптомы рэспіраторных захворванняў. Навучэнцаў i работнiкаў з кашлем, насмаркам, падвышанай тэмпературай і іншымі прыкметамі рэспіраторнай інфекцыі не дапусцяць да вучобы або працы.

Паводле Радыё Свабода