Мірныя людзі? Беларуская армія разам з рэзервам большая, чым у Германіі і Францыі

Нечаканая статыстыка: па колькасці рэзервістаў Беларусь — сярод еўрапейскіх лідараў.

fhvbb_tohjgs.jpg

Эксперты вырашылі палічыць колькасць узброеных сіл, воінскіх фарміраванняў разам з рэзервістамі — і аказалася, што па гэтым параметры Беларусь займае пятае месца ў Еўропе, піша Thinktanks.by.

Прадстаўнікі партала visualcapitalist на падставе агляду народанасельніцтва свету за 2022 год (World population review, 2022) вырашылі палічыць колькасць армій, узброеных фарміраванняў і рэзервістаў у розных краінах свету на розных кантынентах. Атрыманыя лічбы істотна разыходзяцца з данымі пра колькасць Узброеных сіл дзяржаў.

На складзенай прадстаўнікамі партала інфаграфіцы паказаны ўсе дзеючыя салдаты і салдаты рэзерву ў свеце, дзе кожны значок салдата сімвалізуе 10 000 вайскоўцаў. Хоць у Кітая самая вялікая дзеючая армія, В'етнам заняў першае месца як краіна з самай вялікай арміяй у свеце, калі ўлічыць рэзервы і ваенізаваныя фарміраванні.

У Еўропе лідарам па агульнай колькасці дзеючых вайскоўцаў і вайскоўцаў запасу з'яўляецца Расія з паказчыкам у 3 мільёны чалавек. На другім радку Украіна — у яе 1,1 мільёна чалавек. Трэцяе і чацвёртае месца — зусім нечакана — займаюць Азербайджан і Грэцыя з паказчыкамі 457 тысяч і 364 тысячы чалавек.

Беларусь, паводле ацэнкі замежных экспертаў, знаходзіцца на пятым месцы ў Еўропе з паказчыкам 335 тысяч чалавек.

Такім чынам, беларуская армія з рэзервам па колькасці асабовага складу апярэджвае такія краіны, як Германія, Францыя і Польшча.

military_personnel_1.jpg