Мірныя сходы: ніякіх дазволаў, толькі паведамленні

"Людзі могуць крычаць, выглядаць агрэсіўна, махаць рукамі, факеламі, тупаць нагамі — і гэта лічыцца мірным сходам да моманту, пакуль няма прымянення сілы ці прамых заклікаў да яго", — гаворыць праваабаронца Вольга Саламатава.

25 сакавіка 2017 года

25 сакавіка 2017 года

Як павінны дзейнічаць арганізатары акцый, улады і праваахоўнікі? Праваабаронцы ў Мінску абмеркавалі праблему свабоды сходаў і прапанавалі змены ў заканадаўства.

У лістападзе мінулага года з ініцыятывы Праваабарончага цэнтру «Вясна» адбыўся круглы стол, дзе размаўлялі аб практычных аспектах рэалізацыі права грамадзян на мірныя сходы. Праз паўгода беларускія і міжнародныя эксперты зноў звярнуліся да гэтай праблемы, аднак ужо з канкрэтнымі заканадаўчымі прапановамі ў гэтай галіне.

На жаль, тэма свабоды сходаў у Беларусі не губляе сваёй актуальнасці, а за апошнія некалькі месяцаў сітуацыя значна пагоршылася, зазначыў прадстаўнік Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Юрый Чавусаў.

На думку праваабаронцы з Малдовы Сяргея Астафа, аб запланаваных мерапрыемствах уладам трэба паведамляць, а ніяк не прасіць дазволу на іх правядзенне. Па-другое, лічыць эксперт, дзяржава мусіць ствараць умовы, каб людзі маглі выказваць свае погляды мірным спосабам, а не выстаўляць рахункі за паслугі міліцыі, камунальных служб і медыкаў. Па-трэцяе, мірны сход не можа быць забаронены, а толькі прыпынены, і тое пры ўмовах, калі дэманстрацыя перастае быць мірнай і набывае нерэгуляваны характар. Чацвёрты элемент — калі ўлада хоча забараніць сход, гэта мусіць адбывацца праз судовыя інстанцыі, а не праз забароны мясцовых выканаўчых органаў.

«Апошні момант звязаны з адказнасцю, яна мусіць быць індывідуальнай. Арганізатараў не павінны прыцягваць да яе за дзеянні трэціх асоб», — падсумаваў Сяргей Астаф.

Для беларусаў падобныя рэчы гучаць як нешта неверагоднае. Зрэшты, каб пераканацца, што такое магчыма, далёка хадзіць не трэба, дастаткова звярнуцца да досведу суседзяў. Напрыклад, у той жа Украіне, дзе становішча ўскладненае нядаўняй рэвалюцыяй і вайной на ўсходзе, сітуацыя з мірнымі сходамі значна больш дэмакратычная, чым у нас.

«Ва Украіне няма спецыяльнага закона аб пратэстах, рэгуляванне сходаў адбываецца пасярэдніцтвам Канстытуцыі, — кажа ўкраінскі праваабаронца Міхайла Камянёў— Ва  ўкраінскай Канстытуцыі няма забароны мірных сходаў, гэтае пытанне вырашаецца ў судзе, замацаваны паведамляльны парадак правядзення сходаў. Летась было пададзена 18 судовых позваў за абмежаванне свабоды сходаў, з іх задаволілі толькі восем. У Кіеве было 10 тысяч паведамленняў уладам пра акцыі, і на ніводнае з іх не была пададзена позва ў суд. Гэта збліжае ўладу і людзей».

У нашых паўднёвых суседзяў ёсць і свае праблемы, якія з судоў перамясціліся ў практычную плоскасць, а менавіта ў бок дзеянняў паліцыі падчас масавых мерапрыемстваў, бо ў іх няма ніякай унутранай інструкцыі. Аднак гэтую праблему спрабуюць вырашыць.

Калі казаць пра нашу еўрапейскую суседку Польшчу, то там роля праваахоўных органаў звузілася да таго, што яны павінны забяспечваць ахову сходаў, калі гэта неабходна, а таксама спакойную абстаноўку іх правядзення.

«Пры гэтым людзі могуць крычаць, выглядаць агрэсіўна, махаць рукамі (я ведаю, што ў Беларусі гэта можа трактавацца па-рознаму), факеламі, тупаць нагамі — і гэта лічыцца мірным сходам да моманту, пакуль няма прымянення сілы ці прамых заклікаў да яго, — гаворыць праваабаронца Вольга Саламатава. — І ўсё гэта павінна ацэньвацца ў кантэксце, на што вельмі ўважліва глядзяць суды. Немагчыма забараніць сход ці частку сходу, дзе людзі вядуць сябе агрэсіўна, яе можна толькі ізаляваць. Для гэтага доўга і гучна павінны папярэджваць людзей, заклікаць да парадку і казаць, што на канкрэтным месцы можа быць прымененая сіла. Паводле міжнародных нормаў, павінна рэалізоўвацца прэзумпцыя на карысць правядзення сходаў, і гэта адна з асноўных свабод чалавека. Для Польшчы вельмі важныя рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека. Паліцыя вельмі доўга прывыкала да таго, што ў яе няма функцыі кіраўніцтва сходам, можна толькі дамаўляцца».

Тым не менш, цяпер Польшча перажывае канстытуцыйны крызіс і працуе над зменамі ў галіне свабоды сходаў, уводзяцца іх абмежаванні. І гэта, у сваю чаргу, прывяло да павелічэння пратэстных акцый.

Праваабаронца «Вясны» Зміцер Салаўёў паведаміў, што валанцёры распрацавалі зварот да суб’ектаў уладаў, на які тыя альбо не адказалі, альбо далі адмоўны адказ. Тады было вырашана распрацаваць альтэрнатыўны законапраект па мірных сходах. Пры гэтым праваабаронцы кіраваліся нормамі АБСЕ і практыкамі суседніх краін. У прыватнасці, у законапраекце прапануецца карыстацца прынцыпам паведамлення аб мерапрыемстве.

Акрамя гэтага юрысты займаюцца паляпшэннем існага заканадаўства па мірных сходах.

«Адносна заключэння дамоваў з міліцыяй, камунальнымі службамі і медыкамі — гэта супярэчыць пастанове Савета міністраў, дзе сказана, што толькі пасля падачы заяўкі яе копія адпраўляецца адпаведным службам», — звяртае ўвагу Зміцер Салаўёў.

Эксперт Беларускага Хельсінскага камітэту Зміцер Чарных распавёў, што паводле беларускіх уладаў, абсалютная большасць заявак (а менавіта 99%), якія падаюцца на правядзенне масавых мерапрыемстваў у Мінску, задавальняецца.

«Але тут выкарыстоўваецца падмена паняццяў: усе гэтыя мерапрыемствы, хутчэй за ўсё, праходзілі падчас выбарчых кампаній», — раскрыў «сакрэт» праваабаронца.

Як пазбегнуць памылак, рыхтуючы законапраект па мірных сходах? Магчымыя хібы паспрабавала акрэсліць дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка:

«У Беларусі настолькі шырокае азначэнне «сходу», што можна падвесці пад яго любыя мерапрыемствы, якія праводзяцца калектыўна. Дзейны закон «Аб масавых мерапрыемствах» распаўсюджваецца і на культурна-відовішчныя імпрэзы. Тым самым дзяржава абмяжоўвае не толькі пратэстныя акцыі, але і сходы, якія праводзяцца грамадзянамі, некамерцыйнымі арганізацыямі — турыстычныя лагеры, экскурсіі…»

Па словах Вольгі Смалянкі, важна казаць пра недапушчальнасць распаўсюджвання дзеяння закона на падобныя мерапрыемствы. Апроч таго быў выпадак, калі праз парушэнне закона «Аб масавых мерапрыемствах» адмовілі ў рэгістрацыі арганізацыі, бо яе ўстаноўчы сход праходзіў пад адкрытым небам…

«Калі мы пералічваем выпадкі, на якія не павінен распаўсюджвацца закон, мы заўсёды можам не ўлічыць практычныя прыклады. Мы можам самі загнаць сябе ў пастку, таму трэба да гэтага падыходзіць вельмі асцярожна», — кажа праваабаронца.

Таксама ў праекце закона важна падкрэсліць усіх суб’ектаў (як фізічныя, так і юрыдычныя асобы), якія могуць быць арганізатарамі мірных сходаў. Цяпер жа, згодна з беларускім заканадаўствам, сход з колькасцю ўдзельнікаў, большай за 1000 чалавек, можа арганізоўваць толькі зарэгістраваная ўстанова. У Беларусі ж сітуацыя з рэгістрацыяй аб’яднанняў не лепшая за сітуацыю са свабодай сходаў… І ўрэшце, любы закон можа быць някепскім, але яго можна кепска выкарыстоўваць, падсумавала Вольга Смалянка.

 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь