Альтэрнатыўны праект закону «Аб свабодзе мірных сходаў»

Асноўная навацыя — замена дазваляльнага прынцыпу правядзення сходаў на паведамляльны.

08da9375_f4fd_4909_b8b9_14d5d5b9ff53_w1023_r1_s.jpg

Зьміцер Салаўёў з праваабарончага цэнтру «Вясна» сказаў, што распрацавалі альтэрнатыўны дакумэнт маладыя юрысты, пазней да працы далучыліся эксперты. І гэта ўжо пятая вэрсія законапраекту.
Распрацоўшчыкі кіраваліся рэкамэндацыямі і міжнароднымі стандартамі АБСЕ і станоўчым досведам суседніх краін. Усяго ў праекце Закону аб свабодзе мірных сходаў 25 артыкулаў. Да прыкладу, у 9 артыкуле падрабязна распісаная працэдура паведамлення. Мясцовыя выканкамы рэгіструюць папярэдняе паведамленне і даюць арганізатару завераную копію з пячаткай. Прапісаныя і выключэнні, абмежаванні, абавязкі арганізатараў, паводзіны праваахоўных органаў.
Артыкулам 23 гарантуецца неўмяшанне дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, а таксама грамадзян у правядзенне сходаў.
Пасля кароткай прэзэнтацыі законапраекту адбылося яго абмеркаванне.
Зрэшты, у прадстаўнікоў АБСЕ, Украіны і Польшчы мала надзеі на тое, што альтэрнатыўны закон аб свабодзе мірных сходаў у Беларусі будзе прыняты.

«Улады будуць блакаваць новы закон да апошняга»


Украінска-беларускі эксперт Уладзімір Яворскі наогул лічыць, што шанцаў на прыняцце альтэрнатыўнага закону аб свабодзе сходаў няма:
«Свабода слова і свабода сходаў — гэта дзве ключавыя свабоды, на ўціску якіх трымаюцца недэмакратычныя ўлады, таму што данясенне праўдзівай інфармацыі да неабмежаванай колькасці людзей для іх небяспечна. На сённяшні дзень каналы інфармацыі ў Беларусі заблакаваныя, і ўлады будуць блакаваць іх да апошняга.
Але, я думаю, улада ў пэўны момант будзе абмяркоўваць, да прыкладу, ліквідацыю працэдуры дазволу — замену яе на паведамленне. Але яна будзе закладаць у гэтую працэдуру паведамлення свае бюракратычныя перашкоды.
У праекце закону ёсць пазітыўныя моманты. Да прыкладу, правядзенне сходу колькасцю да 50 чалавек не патрабуе ніякага дазволу ці паведамлення. 50 чалавек — даволі вялікая колькасць людзей, і гэта ўжо прарыў. Гэтай адной нормы дастаткова, каб у корані змяніць усю сістэму.
Але ў праекце ёсць вельмі шмат агульных фраз, якія дазволяць уладам калі не забараніць сход яшчэ да пачатку, то падчас сходу прадстаўнікі праваахоўных органаў пры наяўнасьці некалькі правакатараў змогуць спыніць сход, «запакаваць» усіх, як гэта робіцца ў Беларусі цяпер».
На думку экспэртаў, у праекце не зусім дакладна прапісаныя некаторыя рэчы, тэрміны. Да прыкладу, пры падачы некалькіх паведамленняў на правядзенне сходаў у адзін час і ў адным месцы перавага аддаецца таму, хто першы падаў заяўку. Экспэрты пажартавалі: БРСМ заўсёды будзе першым.
У законе наагул не павінна быць слова «паслуга» — дзяржава і так павінна прадстаўляць ахову, аказваць медычную дапамогу бясплатна, падкрэсліў прадстаўнік АБСЕ Сяргей Астаф.

5 міжнародных стандартаў свабоды сходаў


Сяргей Астаф нагадаў 5 асноўных міжнародных стандартаў, якія павінны ўлічвацца ў падобных дакумэнтах:
1. Паведамляльны прынцып, а не дазваляльны.
2. Дзяржава павінна прадстаўляць паслугі, а не выстаўляць рахункі.
3. Павінна быць дакладна прапісана, у якіх выпадках, пры якіх абставінах можна забараняць або прыпыняць мірныя сходы.
4. Калі дзяржава хоча забараніць сход, трэба праходзіць судовую інстанцыю, а не адміністрацыйную.
5. Адказнасць павінна быць індывідуальная, а не калектыўная. Арганізатараў нельга прыцягваць да адказнасці за паводзіны трэціх асобаў.
Беларускі палітолаг Юрась Чавусаў заўважыў, што ў Беларусі ніводзін з гэтых пунктаў не выконваецца.


Ва Ўкраіне Канстытуцыя гарантуе свабоду мірных сходаў

Эксперт Міхась Камянёў сказаў, што ва Украіне менавіта ў Канстытуцыі замацаваны паведамляльны парадак правядзення сходаў і выключна судовы (а не адміністрацыйны) парадак забароны сходаў. І каля 50% пазоваў аб забароне ў судах задавальняюцца (у мінулым годзе было 18 пазоваў, 8 з іх задаволеныя).
Яшчэ адзін украінскі экспэрт Міхаіл Лыбедзь, дадаў, што суддзі цяпер баяцца забараняць сходы, аддаючы ўсё на водкуп паліцыі.
Былі спробы прыняць адмысловы закон аб свабодзе сходаў, але пакуль безвынікова. Але праблемы ёсць — у асноўным з паліцыяй: няма ўнутранай інструкцыі, як яна павінна дзейнічаць.
У Польшчы з 2 красавіка дзейнічае новы закон аб свабодзе сходаў
Прадстаўніца Хельсінскага фонду па правах чалавека Польшчы Вольга Саламатава сказала, што ў Польшчы таксама кіруюцца Канстытуцыяй.
Яна адзначыла вельмі важную ролю праваахоўных органаў пры правядзенні сходаў. І ў апошнія 20 гадоў гэтая роля звужалася.
«Павінна быць не абарона, а ахова сходаў, каб яны адбываліся ў спакойнай абстаноўцы. Хоць людзі могуць паводзіць сябе даволі эмацыйна: махаць рукамі, крычаць.
Але ў Польшчы — канстытуцыйны крызіс. І цяпер ідзе праца над зменамі ў сферы свабоды сходаў, і ёсць тэндэнцыі да звужэння свабоды. Да прыкладу, цяпер вядзецца дыскусія вакол закрытых твараў на сходах. Але гэтая папраўка ў закон не прайшла. Так што не ўсё так кепска
», — падсумавала Вольга Саламатава.
Польскі гісторык, памочніца дэпутата апазіцыйнай партыі Катажына Хімяк расказала, што ў Польшчы ўступіў у сілу новы закон аб свабодзе сходаў, гэта адбылося 2 красавіка 2017 году — два тыдні таму. І новы закон супярэчыць Канстытуцыі — паводле ацэнак і амбудсмэна, і міжнародных экспэртаў. На думку Катажыны Хімяк, папярэдні закон быў больш лагодны, гарантаваў свабоду сходаў.
Паводле svaboda.org