Мітрапаліт Кандрусевіч: было зразумела, што доўга пабыць студэнтам мне не дадуць

Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу ў гады юнацтва пасля першага курсу навучання на фізіка-матэматычным факультэце  Гродзенскага педагагічнага інстытута давялося забраць адтуль дакументы.



kandrusievic1_280x218.jpg

«Кожную нядзелю я хадзіў у касцёл, і гэта не заставалася незаўважаным. У часы “ваяўнічага атэізму” было зразумела, што доўга пабыць студэнтам мне не дадуць. Неяк у адной з газет якраз пра мяне і было: як так — будучы выхавацель камуністычнай моладзі ходзіць у касцёл!.. Каб нікому не ствараць праблем, пасля першага курса я забраў дакументы”, — распавёў ён у інтэрв’ю Catholic.by.

Адпрацаваўшы год у будаўнічай арганізацыі, будучы іерарх паехаў паступаць у закрыты Маскоўскі інжынерна-фізічны інстытут, дзе асаблівая ўвага звярталася на вывучэнне ядзернай фізікі, але дакументы ў яго не прынялі,  спаслаўшыся на тое, што ён іх позна прывёз, хоць насамрэч гэта быў апошні дзень падачы дакументаў. У рэшце рэшт Тадэвуш Кандрусевіч накіраваўся паступаць у Ленінградскі палітэхнічны інстытут на факультэт энергетычнага машынабудаўніцтва.

“Там мой першы дзень таксама мог быць апошнім. Падаючы дакументы, я выпадкова дастаў разам з дакументамі нацельны медалік. Але жанчына з прыёмнай камісіі мне яго вярнула са словамі: «Вазьміце і нікому не паказвайце»”, — адзначыў ён.

У Ленінградзе, па словах мітрапаліта, рэлігійнай свабоды было значна больш, чым у Гродне. “У Ленінградзе мне ніхто ніколі слова не сказаў, што я хаджу ў касцёл, чаго ў Гродне ў свой час, на жаль, не было», — сказаў ён, паведаміўшы пры гэтым як аднойчы на 25 снежня выкладчык у яго першым прымаў іспыт, каб будучы іерарх мог паспець у касцёл.

krynitsa.info