«Міжнародная амністыя»: Пратэсты заспелі ўлады знянацку

Пратэстаў такога маштабу даўно не было ў Беларусі, яны заспелі ўлады знянацку, адзначае "Міжнародная амністыя". Улады Беларусі павінны спыніць адвольныя затрыманні мірных дэманстрантаў.

99e52dba_4cd8_4c20_a938_d8cd991f5680_w1023_r1_s.jpg


З такой заявай выступіў дырэктар праваабарончай арганізацыі "Міжнародная амністыя" па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Джон Далхайзен у сувязі з затрыманнямі і арыштамі ў Беларусі ўдзельнікаў акцый пратэсту супраць падатку на "дармаедства", а таксама журналістаў.
"З-за задушэння ў Беларусі асноўных свабодаў мы ўжо многія гады не бачылі пратэстаў такога маштабу. Відавочна, што яны засталі ўлады знянацку", — адзначыў праваабаронца.
Далхайзен звяртае ўвагу, што беларускія ўлады, якія першапачаткова не перашкаджалі правядзенню маршаў супраць дэкрэта № 3 аб сацыяльным ўтрыманстве, цяпер "вярнуліся да сваёй звыклай рэакцыі ў выглядзе арыштаў мірных удзельнікаў дэманстрацый". "Гэтая эскалацыя выклікае непакой. Адвольныя затрыманні нязгодных павінны быць неадкладна спыненыя, — заявіў прадстаўнік "Міжнароднай амністыі". — Беларускія ўлады не павінны распраўляцца з людзьмі толькі за тое, што яны адважыліся выказаць сваё меркаванне. Замест таго каб іх затрымліваць, улады павінны паважаць права на свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў. Любы чалавек, арыштаваны падчас пратэстаў за мірную крытыку ўрада, павінен быць неадкладна вызвалены".
З лютага ў розных гарадах Беларусі праводзяцца масавыя вулічныя акцыі супраць дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Паводле апошніх звестак праваабаронцаў, з 3 сакавіка за ўдзел у мірных акцыях пратэсту затрымана больш за 100 чалавек.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН