"Міжнародная амністыя": Урады ва ўсім свеце не выконваюць сваіх абавязацельстваў па абароне правоў сексменшасцяў

 Урады ва ўсім свеце не выконваюць сваіх абавязацельстваў па абароне правоў лесбіянак, геяў, бісексуалаў, трансгендараў і інтэрсексуалаў (ЛГБТІ) — з такой заявай выступіў дырэктар па пытаннях права і палітыкі праваабарончай арганізацыі "Міжнародная амністыя" Майкл Бачэнек напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы з гамафобіяй і трансфобіяй, які адзначаецца 17 мая. 



zahruziennoje9.jpg

"Хутка ў свеце пройдуць акцыі прадстаўнікоў ЛГБТІ, і ўрады ўсіх краін павінны прыкласці ўсе намаганні і выканаць свае абавязацельствы для таго, каб людзі маглі выказаць сваё меркаванне, не апасаючыся насілля на глебе гамафобіі", — падкрэсліў Бачэнек. 
"Апошнія прайды былі азмрочаныя забаронамі і нападамі — так далей працягваецца не можа. Дыскрымінацыя і абмежаванні правоў на свабоду сходаў і выказвання меркаванняў ускладняюць жыццё прадстаўнікоў ЛГБТІ ва ўсім свеце", — дадаў праваабаронца. 
"Абуральна, што ў 2014 годзе ўлады ва ўсім свеце не ў стане заканадаўча змагацца або расследаваць гамафобныя і трансфобныя злачынствы на глебе нянавісці. Яшчэ больш раздражняе той факт, што ў многіх краінах прадстаўнікі ЛГБТІ самі зведваюць крымінальны пераслед і дзяржаўнае насілле", — заявіў Майкл Бачэнек. 
"Кожны павінен мець магчымасць карыстацца правамі чалавека, не зведваючы дыскрымінацыі, у тым ліку на падставе сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці", — падкрэсліў ён. 
Сёлета "Міжнародная амністыя" збіраецца надаць "асаблівую ўвагу шэрагу краін, дзе патрабуюцца тэрміновыя перамены". Сярод такіх краін — Гаіці, Камерун, Расія, Сербія, Уганда і Украіна. 
Што да сітуацыі ў Беларусі, то, па ацэнцы прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, пэўны ўзровень гамафобіі ў беларускім грамадстве прысутнічае, але найбольш відавочна гэта праяўляецца на высокім дзяржаўным узроўні. Актывісты ЛГБТ-супольнасці таксама сцвярджаюць, што з кожным годам у Беларусі расце колькасць парушэнняў правоў прадстаўнікоў сексменшасцяў. Канкрэтныя факты такіх парушэнняў прадстаўлены ў кнізе "Хронікі дыскрымінацыі і прыціскання ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі ў 2008—2013 гадах", якая была прэзентаваная ў канцы мінулага года ў Мінску. На прэзентацыі адзначалася, што Беларусь — адзіная краіна сярод дзяржаў Усходняга партнёрства і Расіі, дзе няма ніводнай зарэгістраванай ЛГБТ-арганізацыі.
 
БелаПАН