Меркаванні салігорскіх карыстальнікаў сацсетак адносна смяротнага пакарання падзяліліся
Салігорскія прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага камітэту вырашылі запытацца ў салігорскіх карыстальнікаў найбольш папулярнай у рэгіёне сацыяльнай сеткі УКантакце аб іх стаўленні да існавання смяротнага пакарання ў Беларусі. Сеціўную апытанку нельга назваць рэпрэзентатыўнай, але атрыманыя вынікі праваабаронцы лічаць паказальнымі, хоць і неадназначнымі.
— Безумоўна, праваабаронцам хацелася б каб кожны разумеў антычалавечы характар самой ідэі смяротнага пакарання, не кажучы ўжо пра судовыя памылкі ды фактычную адсутнасць стрымліваючага
эфекту для злачынцаў у параўнанні з іншымі відамі пакарання, — кажа Аляксей Валабуеў.
Зрэшты, улічваючы адсутнасць адпаведнай дзяржаўнай адукацыйнай праграмы для насельніцтва па гэтай праблеме, вынікі не падаюцца салігорскім праваабаронцам безнадзейнымі.
Так, каля траціны апытаных выказаліся катэгарычна супраць існавання ў Беларусі смяротнага пакарання. Яшчэ 10% інтэрнаўтаў лічаць неабходным увесці мараторый на выкананне смяротных прысудаў. 14%
апытаных пакуль не змаглі вызначыцца па гэтым пытанні.
Каля 20% апытаных салігорцаў лічаць неабходным пакуль пакінуць смяротнае пакаранне, але не супраць яго адмены ў будучыні.
Адназначна за захаванне смяротнай кары выказаліся 25% апытаных рэспандэнтаў.
Аналізуючы вынікі, салігорскія праваабаронцы захоўваюць аптымізм. Толькі чвэрць апытаных падтрымлівае безумоўнае існаванне ў Беларусі смяротнага пакарання. І гэта ва ўмовах фактычнай падтрымкі
такога архаічнага пакарання на вышэйшым дзяржаўным узроўні. Астатнія тры чвэрці пры тых ці іншых умовах не бачаць неабходнасці ў захаванні такога жорсткага віду пакарання.
Паводле spring96.org