«Моладзь БНФ» збірае подпісы за наданне вуліцам імя Ларысы Геніюш

Ад 15 мая распачаты збор подпісаў за наданне вуліцам у Мінску і ў Зэльве імя Ларысы Геніюш. Гэта ініцыятыва «Моладзі БНФ» у рамках кампаніі ў рэабілітацыі выдатнай паэткі і грамадзкай дзяячкі #Геніюш2016.

Помнік Ларысе Геніюш побач з Зэльвенскай царквой

Помнік Ларысе Геніюш побач з Зэльвенскай царквой


Актывісты будуць збіраць подпісы цягам месяца, пасля чаго перададуць іх у мясцовыя саветы дэпутатаў.
«Важна больш распавесці пра Ларысу Геніюш і яе творчасць беларусам усіх узростаў, таму падчас збору подпісаў будуць раздавацца ўлёткі з яе вершамі і кароткай біяграфіяй», — гаворыцца ў спецыяльным паведамленні «Моладзі БНФ».
Нядаўна маладыя фронтаўцы атрымалі адказ з Генпракуратуры на пісьмовае патрабаванне рэабілітаваць Ларысу Геніюш. Ліст з подпісам пракурора аддзелу Клябанава канстатуе: «Геніюш Л.А. прызнана не падлеглай рэабілітацыі».
«Мы доўга думалі, ці варта пасля гэтага працягваць кампанію і ці ўвогуле патрэбна рэабілітацыя Ларысы Геніюш, — зазначаюць актывісты „Моладзі БНФ“. — І прыйшлі да высновы: працягваць змаганне варта, але трэба змяніць першасную мэту. На гэтым этапе асноўнай задачай кампаніі #Геніюш2016 будзе папулярызацыя творчасці Ларысы Антонаўны і годнае ўшанаванне яе памяці. Бо нават пасьля атрымання незалежнасці беларускія ўлады робяць усё, каб задушыць беларушчыну. Таму ня дзіўна, што ня ўсе беларусы ведаюць, хто такая Ларыса Геніюш, хоць яе шануе палова свету».
Кампанія #Геніюш2016 будзе ўключаць патрабаванні пра адкрыццё ўсіх архіваў рэпрэсаваных за савецкія часы і перагляду спраў дзеля рэабілітацыі ўсіх нявінна расстраляных ці асуджаных савецкай уладай.
svaboda.org