Моладзь спыніла галадоўку салідарнасці з арыштаванымі прадпрымальнікамі

Увечары 15 мая актывісты дэмакратычнага моладзевага руху Беларусі па просьбе вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў спынілі галадоўку салідарнасці з арыштаванымі ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам. Гэта акцыя салідарнасці доўжылася 12 дзён.

Увечары 15 мая актывісты дэмакратычнага моладзевага руху Беларусі па просьбе вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў спынілі галадоўку салідарнасці з арыштаванымі ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Уладзімірам Асіпенкам. Гэта акцыя салідарнасці доўжылася 12 дзён.
У 18 гадзін пятніцы ў сядзібе Партыі БНФ у прысутнасці журналістаў да галадоўцаў звярнуліся старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, лідэр Руху “За свабоду Аляксандр Мілінкевіч, каардынатар Еўрапейскай кааліцыі Мікалай Статкевіч, сустаршыня незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец і грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык, якія папрасілі юнакоў і дзяўчат спыніць гэтую небяспечную для іх здароўя акцыю.
Па словах Лявона Баршчэўскага, гэтая галадоўка моладзі, безумоўна, дала плён, бо шмат у якіх як беларускіх, так і замежных СМІ з’явілася інфармацыя пра зняволеных прадпрымальнікаў з Ваўкавыска, узгадваліся іх прозвішчы. “Я захапляюся мужнасцю маладафронтаўцаў, — адзначыў палітык.
“Я хачу падзякаваць маладафронтаўцам за тое, што яны маюць мужнасць, маюць сілу волі, каб не проста на словах, а сваім чынам прадэманстраваць салідарнасць з Аўтуховічам, які ў турме сапраўды змагаецца за свае чалавечыя правы, і яго жыццё пад пагрозай. Я таксама далучаюся да калегаў і прашу маладафронтаўцаў спыніць галадоўку, таму што галоўная мэта, якая ставілася імі, дасягнута. Зараз увага да гэтага значна большая, чым была напярэдадні іх галадоўкі… Амбасадары краін Еўрасаюза добра ведаюць сітуацыю, і яны запрашаюць кіраўніцтва “Маладога фронту ў аўторак на сустрэчу з пасламі еўрапейскіх краін, што вельмі важна, — сказаў Аляксандр Мілінкевіч.
Палітыкі паабяцалі моладзевым актывістам, што бяруць на сябе адказнасць за далейшую барацьбу па вызваленні Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі і будуць выкарыстоўваць усе свае магчымасці дзеля гэтага як у Беларусі, так і па-за межамі краіны. Крыху раней з просьбаю спыніць галадоўку да маладзёнаў звярнулася старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.
Наста Палажанка, Мікалай Дземідзенка, Кацярына Салаўёва, Яўген Скрабец і Ірына Губская пагадзіліся спыніць галадоўку пры ўмове, што палітыкі выканаюць свае абяцанні і будуць актыўна змагацца за вызваленне ваўкавыскіх прадпрымальнікаў з турмы.