“Мова нанова” пашырае сваю дзейнасць
Курсы беларускай мовы «Мова нанова» працягваюць ствараць свае філіі па розных гарадах Беларусі.
«Прычым гэта не абавязкова абласныя альбо вялікія гарады», — кажа каардынатар курсаў Глеб Лабадзенка.
— Адкрыліся курсы ў двух новых гарадах — Астравец і Гомель. Такім чынам штотыднёвая колькасць студэнтаў у сярэднім дасягнула 700 чалавек. Студэнцкіх білетаў мы выдалі ўжо больш за 1300 — ад кастрычніка, калі мы пачалі гэта рабіць. Канешне вельмі прыемна, што падвышаецца ўвага ў новых гарадах.
Паводле Глеба Лабадзенкі, у Гомелі на курсах збіраецца звычайна 50–60 чалавек, а ў невялікім гарадку Астравец курсы наведвае каля 35 навучэнцаў.
Працягваецца праца па стварэнні курсаў і ў іншых гарадах. Напрыклад, у Полацку ўжо ёсць каму весці заняткі, але пакуль арганізатары ніяк не знойдуць адпаведнае, зручнае памяшканне.