МУС — пра шматдзетнага бацьку, які апынуўся ў рэанімацыі

26 жніўня ў МУС Беларусі пракаментавалі сітуацыю з шматдзетным бацькам з Гродна 36-гадовым Дзянісам Лук'янавым, паведамляе «Еўрарадыё».

Кадр з відэа МУС

Кадр з відэа МУС


Стрыечная сястра Дзяніса Дар'я, распавяла «Еўрарадыё», што Дзяніс Лук'янаў апынуўся ў бальніцы пасля канфлікту з міліцыяй на аўтамабільным фестывалі SunDay. Сцвярджалася, што яго збілі. Але шпіталізавалі мужчыну толькі праз амаль два тыдні — у яго пачаўся некроз цягліц на назе. Лекары правялі некалькі аперацый, ампутавалі частку нагі. Барацьба з інфекцыяй працягваецца.
МУС сцвярджае, што насамрэч міліцыянеры не маюць дачынення да стану здароўя Дзяніса Лук'янава. Інфармацыю, якая з'явілася ў СМІ, называе "недакладнай". Па версіі міліцыі, на фэсце Лук'янаў быў у стане алкагольнага ап'янення (2 праміле) і "парушаў грамадскі парадак". Спачатку дзяжурны нарад міліцыі (а не АМАПаўцы, якіх у той час яшчэ не было) яго даставіў у палатку "для разбіральніцтва", а пасля — у Гродзенскі РАУС. Адзначаецца, што ў медвыцвярэзніку мужчыну агледзеў лекар і не выявіў цялесных пашкоджанняў. На здароўе не скардзіўся і затрыманы. МУС спасылаецца на відэазапісы, на якіх "малады чалавек... рухаўся актыўна". Раніцай яго адпусцілі. У той жа дзень ён аплаціў паслугі.
МУС падкрэслівае, што мужчына і яго сваякі не звярталіся са скаргамі ў органы ўнутраных спраў. У далейшым з Лук'янавым размаўлялі супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС па Гродзенскай вобласці і ён "патлумачыў, што супрацоўнікамі міліцыі да яго гвалту не ўжывалася". Што да траўмаў, то ён іх нібыта атрымаў "па ўласнай неасцярожнасці праз 11 дзён пасля аўтафестывалю з прычыны знаходжання ў стане алкагольнага ап'янення".


euroradio.fm