МУС: учора падчас пратэстаў затрымалі 317 чалавек

Агулам на Маршы вызвалення палітвязняў у Мінску міліцыянты налічылі 10 тысяч удзельнікаў.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Учора, 4 кастрычніка, у краіне зафіксавана 10 пратэстных акцый, паведаміла ў тэлеграме прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава.
Паводле ведамства, ва ўсіх абласных цэнтрах, за выключэннем сталіцы, яны былі нешматлікія (ад 20 да 100 чалавек). МУС прынятыя неабходныя меры па падтрыманні парадку і забеспячэнні грамадскай бяспекі іх правядзення.
У Мінску пратэстоўцы прайшлі двума калонамі па пр. Машэрава ў бок вул. Кальварыйскай і па пр. Пераможцаў у бок вул. Няміга. Паддаўшыся заклікам некаторых тэлеграм-каналаў, частка грамадзян падышла да будынка ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама, размешчанага па 1-му зав. Акрэсціна. Прыкладна ў 17.30 пратэстоўцы аб'ядналіся і працягнулі рух па пр. Дзяржынскага ў напрамку МКАД. Да 18:30 несанкцыянаваная акцыя завяршылася. Агульная колькасць удзельнікаў пратэсту склала каля 10 тысяч чалавек, гаворыцца ў паведамленні.
У ведамстве заявілі, што ў Мінску ў дачыненні да агрэсіўна настроеных грамадзян, якія ў парушэнне ПДР выходзілі на праезную частку і блакавалі рух транспарту, ўжываліся вадамёты. У Віцебску для адцяснення натоўпу, які спрабаваў адбіць затрыманага, а ў Гродне для затрымання п'янага пратэстоўца, які аказаў непадпарадкаванне міліцыянтам, прымяняўся газ.
Усяго ўчора за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах затрыманыя 317 грамадзян. Да разгляду ў судзе спраў па адміністрацыйных правапарушэннях у месцы ўтрымання затрыманых змешчаныя 258 чалавек.