МУС: затрыманы ўладальнік падпольнай друкарні з Тарасава
У МУС заявілі пра выяўленне чарговай падпольнай друкарні і затрыманне яе ўладальніка. Ім названы кіраўнік вытворча-рэкламнай кампаніі, 47-гадовы жыхар пасёлка Тарасава Мінскага раёна, паведамляе reform.by.
Паводле інфармацыі афіцыйнага прадстаўніка МУС Беларусі Вольгі Чамаданавай, ён вырабляў у сваёй друкарні пад Мінскам сцягі, налепкі, стыкеры і «іншую атрыбутыку з незарэгістраванай сімволікай».
На відэазапісе мужчына кажа, што па просьбах праз Telegram друкаваў сцягі коштам 20-25 рублёў.
Падчас ператрусу ў яго забралі з друкарні пратэсную сімволіку, а таксама абсталяванне для вырабу і тыражавання друкаванай прадукцыі.
Сцвярджаецца, што затрыманы падчас следчых дзеянняў аказаў непадпарадкаванне, за што на яго склалі пратакол. Зараз мужчыну правяраюць на дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці, звязанай з пратэстамі.