Музыкам, якія гралі на жаночым маршы ў Мінску, прысудзілі 11, 12 і 13 дзён арышту

Музыкаў кавер-гурта Best Sound Band затрымалі 26 верасня ў падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа.

Сілавікі блізу плошчы Якуба Коласа 26 верасня. Ілюстрацыйнае фота Еўрарадыё

Сілавікі блізу плошчы Якуба Коласа 26 верасня. Ілюстрацыйнае фота Еўрарадыё

Савецкі раённы суд Мінска прысудзіў музыкам арышты — розныя тэрміны за аднолькавае правапарушэнне.
Альтыстку Ніну Матушкіну суддзя Аляксандр Воўк пакараў 11 суткамі за «парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў». Паводле аналагічнага артыкула 23.34 ч.1 КаАП на 12 сутак адпраўлены за краты Яраслаў Бандарчук. Такое рашэнне прыняла суддзя Марына Фёдарава. Яна ж судзіла і апошняга з затрыманых музыкаў калектыву Вадзіма Бурака. Вырак — 13 сутак адміністрацыйнага арышту.
Калі падчас жаночага маршу частка пратэстоўцаў спусцілася ў пераход, гурт зайграў «Перемен» і «Муры». Людзі віталі маладых музыкаў, падпявалі ім. Але неўзабаве з'явіліся міліцыянты, якія загадалі спыніцца і збірацца ў аддзяленне для «высвятлення асобаў».
Дазвольныя паперы на вулічныя выступы на міліцыянтаў не падзейнічалі. Таксама і абураныя воклічы мінакоў, якія спрабавалі прысароміць сілавікоў: маўляў, толькі і хапае імпэту, што змагацца з уласным народам.
Да суда музыкаў змясцілі ў цэнтр ізаляцыі на Акрэсціна. Яшчэ дваіх адпусцілі.
Паводле Радыё Свабода