На Альманскіх балотах пабудавалі 100 км дарог з парушэннямі закону. Абяцаюць яшчэ
«Там мільярдныя штрафы павінны быць і крымінальныя справы ў любым выпадку», — распавялі эколагі «Радыё Свабода».
Як праз заказнік «Альманскія балоты» на Палессі пракладаюць дарогу, Радыё Свабода пісала раней. Аднак гісторыя яшчэ не скончылася. За чатыры гады ў заказніку пабудавалі больш за 100 кіламетраў дарог. І хоць пракуратура знайшла парушэнні, нікога не пакаралі.
Сцісла:
- Альманскія балоты — адзін з найвялікшых комплексаў непарушаных балот. З 2014 года тут будуюць насыпныя дарогі для цяжкай тэхнікі.
- У 2017 годзе пракуратура завяла крымінальную справу, бо тры кар’еры для будаўніцтва дарог выдзяляліся незаконна.
- Але лясгасы працягвалі працы, як і раней.
- Пракуратура бачыць парушэнні, але лічыць, што тут няма падставы для новых крымінальных спраў.
- Ужо сёлета можа пачацца будаўніцтва новых дарог. Адну з іх лясгас прапануе пракласці па сярэдзіне аднаго з найвялікшых непарушаных балот Еўропы.
За будаўніцтва дарог завялі крымінальную справу
З 2014 году праз увесь рэспубліканскі
ландшафтны заказнік «Альманскія балоты» будуюць дарогі. Яны патрэбныя лясгасу,
каб вывозіць спілаваны лес з цяжкадаступных месцаў і каб тушыць пажары летам.
Таксама дарогі будуюць памежнікі, каб патруляваць мяжу з Украінай.
У 2017 годзе Следчы камітэт завёў крымінальную справу за будаўніцтва ў заказніку. Дакладней — за тое, што пясчаныя кар’еры для будаўніцтва дарог незаконна распрацоўваліся.
У чым было парушэнне закону? У 2017 годзе выйшла Пастанова Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя № 5-Т. Яна забараняе, каб адзін землекарыстальнік адначасова распрацоўваў больш за два кар’еры. І плошча любога кар’еру ня можа быць большай за 1 гектар.
«Бо чым меншая плошча кар’еру, тым меншая трансфармацыя ляндшафту, — тлумачыць Свабодзе Андрэй Абрамчук, кіраўнік Лясной працоўнай групы грамадскай арганізацыі „Ахова птушак Бацькаўшчыны“. — Калі кар’ер правільна рэкультываваць, ён з цягам часу зарасце і слядоў ад яго не застанецца».
Раз кар’еры закапалі, то парушэння няма
Крымінальную справу завялі за незаконную распрацоўку трох кар’ераў. У суд яе дагэтуль не перадалі.
Аднак у заказніку і вакол яго адначасова распрацоўвалі ня тры, а прынамсі 15 кар’ераў. Гэта тое, што выявіў Андрэй Абрамчук. Ён займаецца справай дарог ад 2018 году.
Эколаг лічыць, што большасць парушэнняў
засталіся па-за ўвагай. Хаця Столінская пракуратура прызнала парушэнні ў 7
выпадках, яна лічыць, што караць няма каго і за што. Бо тыя кар’еры ўжо рэкультывавалі.
Гэта значыць — закапалі і зааралі.
Яшчэ два кар’еры незаконна распрацоўвалі ў суседнім Лельчыцкім раёне, праз які таксама праходзіць адна з новых дарог. Лельчыцкая пракуратура ў сваім адказе падрабязна апісала парушэнні, але зрабіла высновы, што кар’еры капалі законна.
Як мінімум тут парушана пастанова Мінпрыроды і палажэнне аб заказніку.
«Гэта павялічвае суму штрафу ў разы. Разумееце, парушылі палажэнне аб тэрыторыі пад асаблівай аховай — ландшафтным заказніку. Там мільярдныя штрафы павінны быць і крымінальныя справы ў любым выпадку», — кажа Андрэй Абрамчук.
Цяпер эколагі збіраюцца абскарджваць тыя адказы пракуратуры.
«Магчыма, лясгас адмовіцца ад ідэі будаваць наступныя дарогі. А таксама ёсць спадзяванні, што ўдасца ўратаваць ад знішчэння іншыя заказнікі», — кажа Андрэй Абрамчук.
«Каб змагацца з пажарамі, варта аднаўляць балоты, а не будаваць там дарогі»
За чатыры гады ў Альманах пабудавалі больш за 100 км дарог. І леснікі плануюць пабудаваць яшчэ больш. Праект новай 19-кіламетровай дарогі № 4 гатовы. Неўзабаве будзе яго грамадскае абмеркаванне. А яшчэ адна дарога мае прайсці па сярэдзіне ўсяго заказніку.
«Гэта проста абсурд», — кажа Андрэй Абрамчук.
Як пісала “Свабода”, будаўніцтва дарог парушае асноўную каштоўнасць ландшафтнага заказніку «Альманскія балоты» — цэласнасць ландшафту.
«Альманскія балоты — адзін з найбольш важных прыродных комплексаў у нашай краіне, — распавядаў Свабодзе Віктар Фянчук з „Аховы птушак Бацькаўшчыны“. — А пабудаваная дарога цалкам трансфармуе ландшафт, знішчае дзюны, праходзіць праз некранутыя балоты. Дарога ўжо нанесла страту ландшафтным вартасцям».
У палажэнні напісана, што ў заказніку забараняецца «правядзенне работ, звязаных са змяненнем натуральнага ландшафту і існага гідралагічнага рэжыму».
Будаўніцтва дарогі № 3 фінансуецца за кошт дзяржаўнай праграмы Міністэрства лясной гаспадаркі. Толькі на будаўніцтва апошняй 23-кіламетровай дарогі з бюджэту выдзелены 1 мільён долараў.
Аргументы за дарогі
- каб леснікі маглі вывозіць спілаваны ў цяжкадаступных месцах лес
- каб леснікі маглі хутчэй тушыць пажары, якія здараюцца летам на балоце
- каб мясцовыя жыхары маглі прасцей трапіць у ягадныя мясціны
- каб памежнікі маглі патруляваць мяжу з Украінай
- будаўніцтва дарог і пілаванне лесу дае Столінскаму раёну працоўныя месцы
Аргументы супраць дарог
- для будаўніцтва дарогі раскопваюць ледавіковыя дзюны і парушаюць ландшафт заказніку
- дарога ператвараецца ў дамбу і парушае гідралагічны рэжым заказніку: частка балота з цягам часу высыхае, а частка — назапашвае ваду. Гэта знішчае ўнікальную экасістэму балота, дзеля якой тут і зрабілі заказнік
- калі балота будзе больш даступнае для людзей, рызыка пажараў толькі ўзрасце
- з наплывам людзей і тэхнікі будзе парушаная дзікасць балота, дзякуючы якой тут жывуць рэдкія для Еўропы птушкі — вялікія арляцы
- каб было менш пажараў, варта перакрыць меліярацыйныя каналы на балоце, каб падняць узровень вады