На Добрушскай папяровай фабрыцы перад візітам Лукашэнкі звальняюць 70 «нелаяльных» работнікаў

Некалькі работнікаў Добрушскай папяровай фабрыкі расказалі «Свабодзе», што начальства чакае візіту Лукашэнкі на прадпрыемства. Ён запланаваны на 29 кастрычніка. У сувязі з візітам з фабрыкі звальняюць 70 чалавек, якія «засвяціліся» на пратэстах улетку і ўвосень 2020 года.

2f68da4d_dcd5_4aa5_ae49_168240cb1fd5_w1023_r1_s.webp


Апроч спісу з 70 чалавек, на фабрыцы склалі яшчэ адзін спіс — тых, хто прыме ўдзел у сустрэчы з Лукашэнкам. Для іх цяпер шыюць новыя робы.
«Гэта спіс тых, хто будзе ўдзельнічаць у сустрэчы. Паглядзіце сваіх людзей і тэрмінова напішыце імя, імя па бацьку і прозвішча, рост і памер для робы, бо заўтра для нас запускаюць швейны цэх», — напісала кіраўніцтва ў групе ў Viber.

05e00000_0a00_0242_155e_08d995ffe0ce_w650_r0_s.webp

Што адбываецца цяпер на фабрыцы

«Лукашэнка даўно патрабаваў запусціць вытворчасць кардону. Тую вытворчасць будавалі кітайцы. І яна не запускаецца ніяк, ужо ўсе тэрміны мінулі. Цяпер яе спрабуюць запусціць аўстрыйцы.
І вось праз візіт Лукашэнкі склалі спіс — звольніць 70 чалавек! Некаторых звальняюць семʼямі! Спачатку прапануюць напісаць заяву па ўласным жаданні.
Калі хто не згодны — забіраюць пасля змены з прахадной на трое і больш сутак у ізалятар часовага ўтрымання. І потым звальняюць. Ужо аднаго з нашых паказвалі пасля затрымання па прапагандысцкіх telegram-каналах.
Кіраўнікі настолькі згубілі прыстойнасць, што ў вочы кажуць: "Так, гэта рэпрэсіі і пераслед". Людзі баяцца», — расказаў «Свабодзе» адзін з былых работнікаў фабрыкі.
«У нас маленькі гарадок, усе ўсіх ведаюць, усе навідавоку. Мы даведаліся ад знаёмага ў выканкаме, што на фабрыку "спушчаны" спіс з 70 чалавек. Цяпер кіраўніцтва шукае спосабы, каб выжыць людзей. Пачалі правяраць прапускны рэжым, адсочваць уваходы і выхады з працы», — дадаў адзін з працоўных.

Што з прадпрыемствам, якое будавалі кітайцы?

Будаўніцтва кардоннай фабрыкі з прыцягненнем кітайскіх крэдыту і будаўнікоў пачалося ў 2010 годзе. Меркавалася, што фабрыка запрацуе ў 2015 годзе. Будавала яе кітайская кампанія. Будаўніцтва суправаджалася мноствам скандалаў.
У 2015 годзе кітайскія працоўныя ішлі маршам на Мінск, бо не атрымлівалі заробку. Пазней беларускія ўлады прызналі, што кампанія не мела досведу падобнага будаўніцтва. Дабудоўвала фабрыку іншая кітайская кампанія.
Пуск вытворчасці адкладалі з года ў год. Цяпер яе спрабуюць запусціць аўстрыйскія спецыялісты, хоць улады яшчэ ўлетку адрапартавалі, што фабрыка выпускае кардон.
Лукашэнка ўжо прыязджаў на фабрыку 4 лютага 2020 года. Тады кіраўніцтва канцэрна «Беллеспаперпрам» заявіла, што фабрыка гатовая на 95%. Але, каб запусціць яе, трэба яшчэ 83 мільёны долараў. Лукашэнка абяцаў дапамагчы.