Сафія Маргунова: У пратаколе апытання прызнала віну, бо «сказалі так напісаць»

Былую студэнтку БДУ другі раз запар пакаралі суткамі. Яе затрымалі пасля спробы патрапіць на абскарджванне па «справе студэнтаў», паведамляюць праваабаронцы.

214242265_183445137089376_3410211754303555380_n_1.jpg

20-гадовую Сафію Маргунову затрымалі яшчэ 5 кастрычніка пасля спробы патрапіць на разгляд апеляцыйнай скаргі па «справе студэнтаў» у Мінгарсудзе. На суд яе не пусцілі, а праз некаторы час Соф’я перастала выходзіць на сувязь. На наступны дзень суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна арыштавала дзяўчыну па арт. 24.23 КаАП на 15 сутак. 20 кастрычніка Маргунова на волю так і не выйшла — на яе склалі новы пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

21 кастрычніка справу Сафіі разглядзела суддзя Таццяна Полулех. Дзяўчыну абвінавацілі ў тым, што падчас «прафілактычнай гутаркі» каля 11:00 у «машыне па дарозе ў Фрунзенскі РУУС паводзіла сябе агрэсіўна і задзірліва, гучна крычала, нецэнзурна лаялася, на заўвагі не рэагавала, выбіла з рук Загора тэчку з дакументамі».

Згодна з паказаннямі міліцыянта, Маргунову сустрэлі раніцай на выхадзе з ЦІПа, каб правесці гутарку наконт удзела дзяўчыны ў несанкцыянаваных мерапрыемствах. Але віну сваю дзяўчына адмаўляе. Па яе словах, з моманту, калі яе павінны былі вызваліць пасля арышту і да 20:00 яна знаходзілася ў ЦІПе на Акрэсціна, таму фізічна не магла «хуліганіць» раніцай у машыне. Гэта маглі пацвердзіць відэакамеры на Акрэсціна, але суддзя Полулех адхіліла хадайніцтва Сафіі.

Акрамя гэтага Маргунова паведаміла, што ў РУУСе ў пратаколе апытання яна прызнала віну, бо ёй «сказалі так напісаць».

Вынікам стаў чарговы 15-сутачны арышт. Агулам Маргунова правядзе на Акрэсціна 30 сутак.

Раней дзяўчыну затрымлівалі ў сакавіку на канферэнцыі незалежных студэнцкіх прафсаюзаў, які прайшоў у бізнэс-клубе «Імагуру». Тады Сафія адбыла 15-сутачны арышт на Акрэсціна.