На экс-падпалкоўніка ГУБАЗіК Лупаносава завялі яшчэ адну крымінальную справу і абвесцілі ў вышук

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу ў дачыненні да былога супрацоўніка ГУБАЗіК МУС Станіслава Лупаносава, паведамляе прэс-служба ведамства. Раней КДБ унёс яго ў спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

Фота Дзмітрыя Брушко

Фота Дзмітрыя Брушко

Вынесена пастанова аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага Станіслава Лупаносава — былога супрацоўніка ГУБАЗіК МУС. «Дзеянні абвінавачанага кваліфікаваны следствам па арт. 352 ("Несанкцыянаванае капіраванне інфармацыі, якая захоўваецца ў кампутарнай сістэме, сеціве і на машынных носьбітах, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды") Крымінальнага кодэкса Беларусі», — гаворыцца ў паведамленні СК.
Пракурорам санкцыянавана прымяненне да абвінавачанага меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Ён абвешчаны ў вышук. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.
Нагадаем, падпалкоўнік Станіслаў Лупаносаў адслужыў у міліцыі амаль 20 гадоў. Апошнія месяцы — у Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Месяц таму стала вядома, што ён супрацоўнічаў з ініцыятывай BYPOL да свайго звальнення ў снежні мінулага года.
КДБ Беларусі ўнёс яго ў спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. Яго абвінавачваюць у замаху на акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай (ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэкса Беларусі).
tut.by