На фоне стрэсу ў турме ў Дзяніса Івашына пачаліся праблемы з сэрцам
Днямі маці палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына даведалася, што ў карцары гродзенскай турмы ў сына здарыўся сардэчны прыступ. Пра цяперашні стан Дзяніса Людміла Івашына распавяла «Радыё Рацыя».
![ivashyn_1.jpg ivashyn_1.jpg](/img/v1/images/ivashyn_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
– Начальнік медчасткі распавёў пра стан Дзяніса. Ён сказаў, што гэта не інфаркт. На фоне пастаяннай стрэсавай сітуацыі ў Дзяніса пачаліся праблемы з сэрцам. Наперадзе незразумела, чаго чакаць. Як кажуць медыкі, з якімі я кансультавалася, наперадзе можа быць многа праблем, і інфаркт таксама можа быць. Прапісалі лекі, заўтра панясу яму, плюс вітаміны. Пасля першага карцару ён прасіў перадаць яму сардэчыя лекі і вітаміны, але ў нас нічога не прынялі.
Гродзенскага журналіста, рэдактара беларускай версіі службы «ІнформНапалм» і аўтара «Новага Часу» Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года. Паводле слоў яго маці Людмілы Івашынай, на яго штодня аказваецца ціск, патрабуюць напісаць прызнанне пра яго вінаватасць, але вось ужо амаль 3,5 месяцы ён не ідзе на супрацоўніцтва са следствам.