На кіроўцаў з бел-чырвона-белымі сцяжкамі зладзяць фотапаляванне
Першыя 20 добраахвотнікаў бясплатна атрымаюць бел-чырвона-белыя сцяжкі на машыну. Але на іх зладзяць фотапаляванне.
Мінская «Арт-сядзіба» абвясціла пра пачатак ініцыятывы «БЧБмабіль»: 20 чалавек, які першымі напішуць на адрас artsiadziba@gmail.com сваё імя і прозвішча, марку аўто, меркаванае месца паездак і нумар тэлефона, атрымаюць камплект з двух аўтамабільных бел-чырвона-белых сцяжкоў.
Пасля таго, як на вуліцах з’явяцца першыя «БЧБмабілі», на іх пачнецца фотапаляванне: тым, хто сфатаграфуе аўто са сцяжкамі, выкладзе фота ў сацсетках з хэштэгам #бчбмабіль альбо адашле фота на згаданы вышэй e-mail, атрымае наборы налепак з гербам «Пагоня» і беларускімі арнаментамі. Фота таксама можна паказаць асабіста супрацоўнікам «Арт-сядзібы» ў мінскім офісе.
Па завяршэнні «палявання» «Арт-сядзіба» плануе наладзіць бясплатнае распаўсюджванне сцяжкоў і налепак з нацыянальнай сімволікай, але просіць для гэтага фінансавай падтрымкі — ахвяраванняў.
Вешаць бел-чырвона-белы сцяг на машыну бяспечна?
Як распавядае Радыё Свабода дырэктар Арт-сядзібы Павел Белавус, акцыя не прымеркаваная да нейкай канкрэтнай даты ці падзеі, гэта «традыцыйная дзейнасць па папулярызацыі нацыянальных сімвалаў».
У хуткім часе ён абяцае апублікаваць відэа з першым «БЧБмабілем» на цэнтральным праспекце Мінску, каб паказаць, што «гэта не страшна»:
«Мы не ведаем, як да гэтага паставіцца міліцыя, таму і ставім такі эксперымент, — прызнаецца Белавус. — Прынамсі, калі я на сваю машыну павесіў сцяжкі і паехаў па праспекце Незалежнасці, каля плошчы Перамогі кругі накручваў, ніякіх пытанняў не было, ніхто не спыняў, хаця праяжджалі пост ДАІ.
Ёсць і наш сябра каманды БЧБмабіляў, які ўжо тыдзень ездзіць. Праяжджаў не адзін пост ДАІ — яны, канечне, глядзелі са здзіўленнем. А мы якраз хочам, раздаўшы першыя 20 камплектаў бясплатна, знайсці такіх ахвотных людзей, якія не баяцца.
Бо згодна з правіламі дарожнага руху, сцягі на машынах не забароненыя. Забаронена наносіць на сам аўтамабіль розныя малюнкі, а наконт сцягоў забаронаў няма».