На малаказаводзе № 1, адкуль звольніліся работнікі, мяняюць кіраўніка. Працаўнікам прапануюць вярнуцца
Канфлікт паміж работнікамі і заводскай адміністрацыяй прыехала «разрульваць» кіраўніцтва Мінскага аблвыканкама. У выніку звольненым супрацоўнікам прапануюць вярнуцца, а цяперашняга дырэктара заменяць.
Паводле партала Onliner.by, гісторыя з падпісаннем дамовы
пра калектыўную матэрыяльную адказнасць цягнецца з мінулага года. У выніку
новую дамову не падпісалі 94 чалавекі, 63 звольніліся.
Напярэдадні на завод прыехаў старшыня абласнога выканкама Аляксандар Турчын, які паабяцаў вырашыць канфліктную сітуацыю праз замену
гендырэктара Дзмітрыя Главінскага. Апошняга прызначылі кіраваць прадпрыемствам
летась у красавіку. Да таго 2,5 гады ён узначальваў холдынг «Бабушкина крынка»,
а яшчэ раней быў першым намеснікам дырэктара «Белрыбы».
«Кіраўніцтва прадпрыемства зрабіла ўсё не афішуючы, мы самі
даведаліся нядаўна. У сувязі з гэтым прынята рашэнне правесці назіральную
раду аб змене кіраўніка і прызначэнні выканаўцы абавязкаў гендырэктара. Я
сустрэўся з працоўным калектывам — прысутнічалі каля 60 чалавек. Там былі і
абураныя, і тыя, хто абараняюць. На радзе прапануем адмяніць рашэнне аб
увядзенні калектыўнай адказнасці і аднавіць на працы тых звольненых, хто
жадае вярнуцца», — расказаў парталу кіраўнік «Мінаблмясамалпрама» Сяргей
Некрашэвіч.
Чыноўнік таксама патлумачыў, у чым, з яго гледзішча,
была памылка Дзмітрыя Главінскага.
«Перш за ўсё, у адсутнасці зносін з працоўным калектывам.
Людзям трэба тлумачыць, што адбываецца, дзеля чаго нешта змяняецца, выгады і
недахопы. Мякка кажучы, непаважлівае стаўленне да супрацоўнікаў... Мы прапануем
для пачатку адмяніць рашэнне. Ёсць шмат нюансаў, пачынаючы ад стану
абсталявання і вымяральных прыбораў. Нельга ўводзіць у такіх умовах
калектыўную матэрыяльную адказнасць», — адзначыў Сяргей Некрашэвіч.
Паводле «Свабоды».