На мяжы з Літвой затрымалі жыхара Віцебска, якога вінавацяць у абразе Балабы
Каля дзяржаўнай мяжы з Літвой сілавікі затрымалі 36-гадовага жыхара Віцебска Вадзіма Ермаловіча. У дачыненні да віцябляніна міліцыянты завялі крымінальную справу паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Вадзім Ермаловіч у Telegram-чаце «Vitebsk_Юг» нібыта абразіў камандзіра мінскага АМАПа Дзмітрыя Балабу. Мужчына знаходзіўся на падпісцы аб нявыездзе, паведамляе «Віцебская Вясна».
Паводле следчых, Вадзім Ермаловіч размясціў каментар, «рэалізуючы
намер на абразу прадстаўніка ўлады — камандзіра АМАП ГУУС Мінгарвыканкама палкоўніка міліцыі Балабы, з мэтай прынізіць яго гонар і годнасць у сувязі з
выкананнем службовых абавязкаў, кіруючыся нізкімі намерамі, якія выявіліся ў
жаданні паказаць Балабу ў зневажальным становішчы ў вачах шырокай грамадскасці,
з выкарыстаннем неўстаноўленай электроннай прылады з доступам у Інтэрнэт».
У выніку на жыхара Віцебска завялі крымінальную справу.
Вадзіма Ермаловіча арыштавалі, а ў яго доме зладзілі ператрус, падчас якога
канфіскавалі камп'ютар, ноўтбук, нэтбук, флэшкі, мабільны тэлефон, а таксама
грошы. Аднак праз 72 гадзіны пасля затрымання мужчыну вызвалілі з ізалятара пад
падпіску аб нявыездзе.
14 красавіка Вадзіма Ермаловіча затрымалі непадалёку ад мяжы
Беларусі з Літоўскай Рэспублікай. Цяпер віцяблянін за кратамі ў віцебскім
СІЗА-2.