На наступным тыдні «патрыёты» пачнуць знаёміцца са сваімі справамі

30 лістапада старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч паведаміў, што крымінальны пераслед абвінавачаных па справе «Белага легіёна» спынены, а сама справа перададзеная ў пракуратуру.

Фота: sb.by

Фота: sb.by

Як стала вядома Еўрарадыё, усе, хто праходзіў па гэтай справе, атрымалі позву ад следчага — забраць свае рэчы і азнаёміцца са справай.

Па словах Алеся Яўдахі, з-за вялікай колькасці фігурантаў знаёміцца са сваімі справамі яны яшчэ не пачалі. Яму следчы прызначыў “чаргу на азнаямленне са справай” на 12 снежня. Толькі 14 снежня пачне знаёміцца са сваёй справай былы кіраўнік “Белага легіёну” Міраслаў Лазоўскі.

Лазоўскі: “Мне прызначана на чацвер. Справа ў тым, што там (у Следчым камітэце. ― Еўрарадыё) адзін чалавек гэтым займаецца. Ён сказаў, што бягучы тыдзень ён адвёў на тое, каб людзі прыйшлі і нейкія свае рэчы забралі. А з наступнага тыдня запісваюць на азнаямленне са справай”.

Тым не менш, ужо вядома, што на былога фігуранта справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў Андрэя Бяляўскага пачалі крымінальную справу па артыкуле “незаконнае захоўванне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і гэтак далей”. Падчас ператрусу пры затрыманні ў яго знайшлі патрон. У багажніку машыны Міраслава Лазоўскага нібыта таксама знайшлі аўтамат. Ці будуць яму перакваліфікоўваць абвінавачванне, Лазоўскі не ведае.

Лазоўскі: “Што і як там — я дакладна не ведаю. Хутчэй за ўсё, калі я пачну знаёміцца з матэрыяламі справы, я нешта змагу дакладна высветліць. Бо, натуральна, ніхто там каментары і адказы не дае”.

Лазоўскі не верыць, што для яго гэта гісторыя з аўтаматам, які ён у машыну, па яго словах, не клаў, проста так не скончыцца.

Нагадаем, за краты па справе “Белага легіёна” трапілі 35 чалавек. Іх абвінавачвалі ў "падрыхтоўцы масавых беспарадкаў". Праз некалькі тыдняў маладафронтаўцаў вызвалілі, а яшчэ 20 чалавек (большасць — былыя сябры арганізацыі "Белы легіён") пачалі абвінавачваць у “стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання”.

euroradio.fm