«На пытанні адказвай!» Жыхары «Плошчы Перамен» падзяліліся відэа за 15 лістапада

Жыхары дамоў з «Плошчы перамен» падзяліліся відэа з камер назірання за 15 лістапада, калі сілавікі жорстка разагналі тых, хто сабраўся на акцыю памяці загінулага Рамана Бандарэнкі.

32315113.jpg

На адным з відэа — кабіна ліфта, у якой едуць сілавікі, піша TUT.BY. Калі на адным з паверхаў ліфт спыняецца, адзін з сілавікоў цэліцца з пісталета ў людзей, якія ўваходзяць у кабіну. Але, ўбачыўшы, што гэта свае, прыбірае зброю. Ліфт зноў спыняецца, у кабіну ўводзяць хлопца людзі ў цывільным. Адзін з сілавікоў спрабуе разгаварыць хлопца, але той адмоўчваецца. У гэты момант яму адвешвае поўху адзін з сілавікоў у цывільным: «На пытанні адказвай!». Іншыя яго абсякаюць: «Камеры!», маючы на ўвазе, што ў ліфце ёсць сістэма відэаназірання і іх дзеянні могуць запісвацца.

Яшчэ на адным відэа — разгон, які трапіў на камеру відэаназірання ля пад'езда.

Нагадаем, у нядзелю, 15 лістапада мінулага года, сілавікі правялі на сталічнай «Плошчы перамен» масавыя затрыманні ўдзельнікаў акцыі памяці загінулага Рамана Бандарэнкі. Людзей разагналі, прыбралі мемарыял. Падчас разгону ўжываліся спецсродкі. Частка людзей была вымушаная хавацца ў кватэрах жыхароў «Плошчы перамен». Некаторыя вымушана прасядзелі «у гасцях» усю ноч.