На ўзроўні М'янмы і Уганды. Беларусь значна апусцілася ў рэйтынгу свабоды інтэрнэту

У штогадовым рэйтынгу свабоды інтэрнэту Беларусь па параўнанні з мінулым годам апусцілася яшчэ на 7 пунктаў. Такім чынам краіна канчаткова замацавалася ў асяродку несвабодных.

internet_zakryt.jpg

Гэты рэйтынг у сваім штогадовым дакладзе "Свабода ў сеціве" апублікавала амерыканская няўрадавая арганізацыя Freedom House.

У гэтым рэйтынгу свабоды інтэрнэту Беларусь атрымала 31 бал са 100 магчымых. Складальнікі рэйтынгу ўлічвалі падзеі з чэрвеня 2020 года да траўня 2021-га. Усе краіны рэйтынгу падзелены на тры групы. Тым краінам, якія набралі ад 70 да 100 балаў, прысвоены статус свабодных, тым, якія набралі ад 40 да 69 балаў — часткова свабодных, менш за 40 — несвабодных.

У мінулым рэйтынгу Беларусь набрала 38 балаў і таксама была ў шэрагу несвабодных, але ўсё ж была блізкая да мяжы выхаду з гэтай кагорты.

На жаль, падзеі 2020 і 2021 года значна пагоршылі становішча Беларусі ў гэтым неафіцыйным рэйтынгу. Мала таго, Беларусь разам М'янмай і Угандай згадваецца ў дакладзе Freedom House як краіне, дзе за год адбыліся найгоршыя змены ў плане свабоды інтэрнэту.

"Рэпрэсіўная кампанія працягвалася да 2021 года, калі ўлады закрылі офісы і заблакавалі сайты TUT.by і "Наша Ніва" — дзвюх найбуйнейшых незалежных СМІ ў краіне", — гаворыцца ў дакладзе.

Паводле ej.by