На Алеся Кіркевіча склалі пратакол, Алесь Дзянісаў — на чарзе

На гродзенскіх журналістаў завялі адміністрацыйныя справы на падставе відэасюжэту з выставы лялек у Гродне.



dzianisau_kirkevich.jpg

20 ліпеня Алесь Кіркевіч наведаў Ленінскі РАУС Гродна, дзе старшы лейтэнант Аляксей Вайцешка склаў на яго пратакол за парушэнне арт. 22.9 ч.2 КаАП.

Нагодай для гэтага стаў відэасюжэт пра выставу літоўскіх лялек у Гродне, размешчаны на сайце тэлеканала “Белсат”. Як распавёў прэс-службе ГА “БАЖ” Алесь Кіркевіч, сведкамі па справе праходзяць гродзенскі мастак, які даваў інтэрв’ю журналістам, і яго жонка — уладальніца галерэі, дзе ладзілі выставу.    

“У кадры таксама гаворыць генеральны консул Літвы ў Гродне Аўшра Чэрнявічэнэ, але яе міліцыя сведкай не прыцягнула”, — адзначае Алесь Кіркевіч.

Журналіст адмовіўся даваць якія-кольвек паказанні для пратакола — спытаў толькі, калі чакаць выкліку ў суд. Міліцыянт сказаў, што прыкладна паўтара тыдня.

Варта адзначыць, што Алесь Кіркевіч адкрыта працуе ў кадры і пры канцы сюжэту называе сваё імя.

Пакуль невядома, калі наведае міліцыю Алесь Дзянісаў. Але ў тэлефоннай гутарцы міліцыянт таксама сказаў яму пра адміністрацыйную справу.

Абодвух журналістаў прыцягвалі сёлета да адказнасці па тым жа артыкуле, прычым таксама за сюжэт на культурніцкую тэматыку.

22 красавіка г.г. суддзя Ленінскага раённага суда Гродна Алена Пятрова прызнала іх вінаватымі ў “незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ” за відэасюжэт пра выставу слуцкіх паясоў у Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі.

baj.by