«На філфаку вісіць вялікая мапа Расеі! Якая беларушчына?»

Усяго за два месяцы Глеб Вайкуль стаў самым «медыйным» беларускім студэнтам. Суполку #студэнтысупраць, Марш студэнтаў, суд і адлічэнне Глеба з філфаку згадвалі ўсе беларускія выданні.



b4145f2b_693b_4884_aa82_f1eeaefa05e9_w640_r1_s.jpg

 Пра дзіцячую мару стаць міліцыянтам, сямейную трагедыю й вайну, якую Глеб Вайкуль абвясціў БДУ, ён распавёў у інтэрв'ю "Радыё Свабода".

З настаўніцай мы размаўлялі пра Плошчу

 

Мае дзядуля, бабуля і маці былі настаўнікамі. Але мяне самога бацькі да вучобы не цягнулі, увогуле не чапалі. Я не хачу іх вінаваціць у гэтым, але так ужо склалася. Я не быў выдатнікам у школе — хутчэй «харашыстам». Звычайным хлопцам, якога цікавілі хлапечыя справы: гулянкі да ночы, дзяўчаты ды больш нічога.

Да беларушчыны я прыйшоў у 10 класе. Але не пасля ўрокаў беларускай мовы. Беларуская мова тады выкладалася ў школе на нізкім узроўні. Большасць часу выкладчыкі размаўлялі па-расейску і, вядома, не патрабавалі ад вучняў, каб тыя адказвалі па-беларуску. Пра якіх беларускамоўных дзяцей тады можна казаць?

gdb.rferl.org__784e1515_71eb_4_8d067b5ee6db3f19817d6d02ca2f7486.jpeg

Мне была цікавая гісторыя Беларусі. А Плошча 19-га снежня 2010 году вельмі моцна паўплывала на маё светаўспрыманне. Мне тады было 16 год, я вучыўся ў 10 класе.

У дзень пасля Плошчы на ўрок грамадазнаўства прыйшла іншая выкладчыца. Нам загадалі падрыхтаваць эсэ, у якім я напісаў пра парушэнне правоў чалавека, пра спробу людзей дабіцца справядлівасці і годна жыць у сваёй краіне.

Настаўніца паставіла мне 10. Я быў вельмі здзіўлены. Яна падсела да мяне і пачала размаўляць наконт гэтай сітуацыі. Мяне гэта вельмі ўразіла, і я пачаў цікавіцца не толькі гісторыяй, але і грамадазнаўствам. І ў выніку зразумеў, што такое нацыянальная мова для любога народа. Якое месца яна займае ў станаўленні суверэнітэту краіны.

Хацеў стаць міліцыянтам, але паступіў на філфак

 

З дзяцінства я марыў дапамагаць людзям і хацеў стаць міліцыянтам. Сябры пераконвалі мяне, што не варта, а потым я сам зразумеў, што гэта не мой шлях. Пасля школы, у 2012 годзе, я вырашыў паступаць у камандна-інжынерны інстытут, каб усё адно неяк дапамагаць людзям. Але калі праходзіў медычную камісію, праз мой гастрыт мяне забракавалі.

gdb.rferl.org__a1a30cee_2924_4_7fdf418facaddcbdb86fbd3afeb97dba.jpeg

Глеб Вайкуль падчас маршу студэнтаў

Я моцна вагаўся, куды паступаць. У той час я не ведаў беларускай мовы, але вельмі імкнуўся пазнаць беларускую культуру. І вырашыў ісці на беларускае аддзяленне філфаку — толькі дзеля вывучэння беларушчыны.

Першы семестр я вучыўся з захапленнем. Зімовую сесію здаў лепш за палову бюджэтнікаў нашай групы. Як я і чакаў, навучанне на філфаку сапраўды наблізіла мяне да беларушчыны. Але такіх апантаных людзей, як я, туды паступае не так шмат. Я б сказаў — толькі некалькі чалавек з усяго аддзялення. Але на выхадзе звычайна іх становіцца больш.

На жаль, філфак усё больш русіфікуецца — тут толькі адно беларускае аддзяленне. Тыя ж выкладчыкі, што на занятках размаўляюць па-беларуску, пасля званка ўжо пераходзяць на расейскую мову. Ёсць людзі, якія жывуць беларушчынай, але іх вельмі мала.

Калі б мяне не адлічылі, у мяне была ініцыятыва стварыць аўдыторыю беларускай літаратуры. У нас ёсць аўдыторыя расейскай літаратуры — вялікі пакой з партрэтамі расейскіх пісьменнікаў, шмат кніг і энцыклапедыяў. Там вісіць вялікая мапа Расеі на ўсю сцяну.

У той жа час аўдыторыі беларускай літаратуры не існуе. Ёсць толькі аўдыторыя беларускай філалогіі — маленькі пакой з трыма партамі. Там вісіць партрэт Купалы і стаяць дзве шафы. Усё.

Чаму ў нас няма годнай аўдыторыі нацыянальнай літаратуры, за якую браў бы гонар? Гэта не трэба ні дэканату, ні рэктарату, ні дзяржаве.

Сышоў з універсітэту, бо маці памерла

 

У сваім адказе БДУ напісаў, што мяне ўжо адлічвалі з філфаку. Але ж гэта хлусня. Пасля таго як я здаў першую сесію, у маёй сям’і здарылася гора — памерла маці. Я апынуўся ў цяжкім псіхалагічным і матэрыяльным стане. Каб аплаціць сваю адукацыю, я пайшоў працаваць. Праз гэта ў мяне ўзніклі праблемы з пропускамі.

У нас ва ўніверсітэце сістэма ацэнкі ведаў наступная. Студэнты ходзяць на пары, зарабляюць балы для рэйтынгу, і таму добра здаюць іспыты. У мяне былі праблемы з наведваннем — праз тое, што мусіў працаваць. Але ўсё адно я здаў сесію ды перайшоў на другі курс. Там я ўзяў акадэмічны адпачынак, каб працаваць ужо на поўную занятасць, бо грошай з маім платным навучаннем у сям’і зусім неставала.

gdb.rferl.org__e4cfc7c3_5e99_4_689a9b65c74f54db5bfaea6c4dde1a43.jpeg

Але маці мне загадвала абавязкова скончыць універсітэт, і я вырашыў перапаступіць на другі курс на бюджэтнае месца. Тым больш у дэканаце мне абяцалі, што гэта цалкам магчыма.

Акурат у гэты час адбыўся пераход на 4-гадовую сістэму навучання на філфаку, і праз акадэмічную розніцу мне не далі здаць экстэрнам дадатковыя прадметы. Таму мне давялося вяртацца на першы курс.

У кожным разе, бясплатная адукацыя моцна палепшыла маё сямейнае становішча. Мне не трэба было дадаткова працаваць, бо я ўжо меў стыпендыю.

Але праз год майго брата прызываюць у войска. Каб дапамагчы бацьку-пенсіянеру, я зноў іду на працу, і ў мяне пачынаюцца пропускі заняткаў.

Мае пропускі не значылі, што я не рыхтаваўся да залікаў і іспытаў. Але менавіта гэтым скарыстаўся факультэт, каб адлічыць мяне за маю грамадскую дзейнасць. Шчыра скажу, што на курс Шамякінай я амаль не хадзіў. А сэнсу, калі яна ўключае прэзентацыю на праектары, і студэнты мусяць гэта перапісваць? Часам дае свае каментары, але звычайна размаўляе на тэмы, не датычныя да прадмету: як добра жылося ў СССР, якая добрая была пры ім сістэма адукацыі, і што Балонскі працэс — гэта дрэнная рэч, якая камерцыялізуе вышэйшую адукацыю.

Балонскі працэс студэнтам не патрэбны

 

Я прайшоў Акадэмію студэнцкага лідэрства, і гэтая праграма была пераломнай у маім жыцці. Там я пазнаёміўся з самымі актыўнымі студэнтамі з усёй Беларусі, а значыць — будучай элітай краіны.

Я ўсведамляю, што ад актыўнага студэнцтва залежыць будучае краіны. І далучэнне да Балонскага працэсу павінна было б спрыяць больш актыўнаму ўдзелу студэнтаў у жыцці ўніверсітэту. Але гэтая актыўнасць не патрэбная ні самім студэнтам, ні выкладчыкам. Мала хто ведае пра акадэмічныя вольнасці й акадэмічную мабільнасць, якія дае Балонскі працэс.

gdb.rferl.org__9110284d_dd81_4_4aee5b34e616ecf2e6d2d38dbb4b3516.jpeg

Ёсць адно імітацыя студэнцкага самакіравання, калі студэнтаў — з ліку лідэраў старастату, БРСМ і прафсаюзу — уводзяць у раду факультэту і раду БДУ. Але гэта навязанае лідэрства і несапраўднае самакіраванне. Бо калі нават нехта з гэтых прызнаных лідэраў пачынае публічна крытыкаваць некага, гэтых людзей пачынаюць запужваць, выганяюць з структуры.

Вось, напрыклад, прафсаюз БДУ. Ён павінен бараніць правы студэнтаў, але фактычна займаецца арганізацыяй імпрэзаў і размяркоўвае матэрыяльную дапамогу за грошы саміх жа студэнтаў. Каб гэта быў сапраўдны прафсаюз, яны першымі павінны былі б выказацца наконт увядзення платных пераздачаў, бо гэтае рашэнне адміністрацыі БДУ парушае правы студэнтаў.

Але ў прафсаюзе сядзяць адны функцыянеры, людзі робяць сабе кар’еру. Яны лаяльныя адміністрацыі і баяцца выказваць сваю думку, а тым больш супярэчыць адміністрацыі.

Адлічылі яшчэ траіх студэнтаў

 

Маё адлічэнне з БДУ — гэта яшчэ не канец гісторыі. Мяне вельмі абурае такая сітуацыя, бо я ўпэўнены, што адлічваць мяне не мелі права. Я буду пісаць скаргі ў Міністэрства адукацыі і ў суд.

Калі БДУ далучыўся да Балонскага працэсу, то мы будзем патрабаваць стварэння сапраўднага студэнцкага самакіравання, а не падкантрольнай адміністрацыі Асамблеі БДУ.

Таксама трэба дамагчыся празрыстасці бюджэту. Універсітэт бярэ са студэнтаў вялікія грошы за навучанне, а як яны расходуюцца, мы не ведаем. Мы ж павінны бачыць, куды ідуць нашы грошы, і нават уплываць на іх размеркаванне. Бо ўніверсітэт, у першую чаргу, — месца для студэнтаў. І толькі потым — для выкладчыкаў і адміністрацыі.

gdb.rferl.org__b4145f2b_693b_4_1fa7fa33dbfb55731ef977657b3e447b.jpeg

Але самае галоўнае, каб адміністрацыя спыніла рэпрэсіі супраць студэнтаў. Разам са мной адлічылі яшчэ траіх чалавек. Дэканат ціснуў на студэнтаў, якія падпісаліся ў звароце да рэктара з нагоды ўвядзення платных пераздачаў. Старасты прасілі сваіх аднагрупнікаў выйсці з суполкі #студэнтысупраць, інакш ім абяцалі праблемы. Даходзіла да таго, што з дэканату тэлефанавалі бацькам студэнтаў ды настойвалі, каб іхнія дзеці адпісаліся з суполкі #студэнтысупраць і выйшлі з ліку ўдзельнікаў Маршу студэнтаў.

І хоць мяне адлічылі за актыўнасць у студэнцкім руху, я лічу, што ўсё адно трэба выказваць свае думкі. Бо калі гэта будзе рух салідарнасці студэнтаў, мы зможам змяніць універсітэт. Толькі разам можна дасягнуць поспеху.

Зараз працягваецца ціск на студэнтаў за іх актыўную грамадскую пазіцыю. І самае галоўнае, каб студэнты не баяліся звяртацца па дапамогу да праваабаронцаў і публічна заяўлялі пра рэпрэсіі. Трэба пераступіць мяжу свайго страху — і дзейнічаць! Рабіць тое, што лічыце правільным, і ніколі не здраджваць свайму сумленню. Не паспрабаваўшы, вы нічога не даб’яцеся! Я паспрабаваў і шмат чаго дабіўся, і я не шкадую аб сваім выбары. Маё сумленне засталося чыстым.

www.svaboda.org