На Плошчы Свабоды пенсіянеры пікетавалі супраць адпісак
На Плошчы Свабоды ў Мінску 31 сакавіка ладзілі пікет 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры з розных рэгіёнаў краіны.
Мэта акцыі пенсіянераў — дамагчыся дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзянаў.
Пад час пікетавання людзі сталага веку, у тым ліку і інваліды, трымалі плакаты наступнага зместу: “Гульні ў дэмакратыю скончыліся з намі 11 кастрычніка”, “Патрабуем ад чынавенства выканання Канстытуцыі краіны!”. “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак”.
Як апавяла юрыстка Тамара Сяргей, удзельнікі акцыі спачатку звярнуліся да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Касінца з пісьмовай просьбай аб прыёме, аднак не атрымалі аніякага адказу. У дзень асабістага прыёму грамадзянаў, што адбываецца раз на тры месяцы, актывісты ініцыятывы прыйшлі ў прыёмную галавы дзяржавы. Грамадзяне безвынікова прачакалі ў маленькім памяшканні вітальні, дзе нават усе не маглі прысесці, больш за дзве гадіны, аднак так і не былі прынятыя спадаром Аляксандрам Касінцом. І тады людзі сталага веку рушылі на Пляц Волі.
Там пенсіянераў чакалі журналісты незалежных друкаваных і электронных СМІ, а таксама шмат невядомых ў цывільным, якія здымалі людзей на відэакамеры і звярнулі іхную ўвагу на тое, што пікетаванне несанкцыянаванае. У адказ грамадзяне заявілі, што права на пікетаванне з’яўляецца канстытуцыйным, згодна закону аб масавых мерапрыемствах яны напісалі заяўку на акцыю ў Мінгарвыканкам, але замест дазволу на масавае мерапрыемства атрымалі адпіску.
Як падкрэсліла спадарыня Тамара Сяргей, грамадзяне яшчэ раз упэўніліся, што ўлада не жадае аніякага дыялогу з грамадствам, да якога ўвесь час заклікаюць дзяржаўнае тэлебачанне і газеты . “Насамрэч улады вымушаюць нас выходзіць на плошчу, бо нічога іншага не застаецца. Аднак і на плошчу пакуль выходзіць няшмат людзей. Таму што большасць беларусаў, на жаль, людзі абыякавыя. І дзякуючы такім абыякавым у нашай краіне шмат гадоў пануе беззаконне”, — сказала юрыстка.