Начны хапун на Зыбіцкай: затрыманыя 18 чалавек
У ноч з 31 жніўня на 1 верасня некаторыя наведнікі вуліцы Зыбіцкай выехалі з яе ў аўтазаку.
У ГУУС Мінгарвыканкама паведамілі, што ў ноч з 31 жніўня на 1 верасня супрацоўнікамі міліцыі за распіццё спіртных напояў і за знаходжанне ў стане алкагольнага ап'янення былі затрыманыя 18 чалавек. На іх склалі пратаколы а пасля адпусцілі.
ГУУС таксама выклала на сваім канале відэа, дзе бачна як маладзёнаў затрымліваюць і вядуць у аўтазак. Ступень алкагольнага ап'янення затрыманых з гэтага відэа незразумелая — яны паводзяць сябе звычайна.
Гэткія рэйды міліцыя апраўдвае тым, што яны атрымліваюць скаргі ад мясцовых жыхароў. Апошні такі хапун адбыўся у чэрвені, калі было затрымана, па словах відавочцаў, 12-15 чалавек.
Паводле Belsat.eu