Надзея Саўчанка галадае два месяцы

Заяву ў Страсбурскі суд апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook адвакат Марк Фейгін. У дакуменце абарона просіць суд паўплываць на Расію ў сувязі з пагрозамі здароўю і жыццю Саўчанкі.



savczenka_u_sudzie.jpg

Сёння 60-ы дзень галадоўкі, якую Надзея Саўчанка абвясціла на знак пратэсту супраць незаконнага арышту. 29 студзеня Саўчанку перавялі ў медсанчастку маскоўскай турмы.
Раней, 26 студзеня, Саўчанку зарэгістравалі як дэлегата Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, а таксама далі ёй міжнародны імунітэт. Парламенцкая асамблея Савета Еўропы заклікала ўлады Расіі вызваліць захопленую ў палон грамадзянку Украіны.
У Расіі Саўчанку абвінавачваюць у датычнасці да гібелі расійскіх журналістаў на Данбасе. У ліпені мінулага года Саўчанку ўзялі пад варту ў Расіі пасля таго, як яе, захопленую ў палон сепаратыстамі, перавезлі праз мяжу і перадалі расійскім сілавікам. Паводле абароны, яна трапіла ў палон да гібелі расіянаў і таму не магла быць датычнай да гібелі журналістаў. Сама яна ўсе абвінавачванні абвяргае.
29 студзеня адвакаты паведамілі, што следчыя паведамілі Саўчанцы аб адкрыцці супраць яе новай крымінальнай справы аб незаконным перасячэнні мяжы.
svaboda.org