Накарміце Лукашэнку

Беларусы яўна недакормліваюць свайго прэзідэнта. Мацаць, глядзець, трымаць у руках — на людзях кіраўнік Беларусі робіць з ежай усё, абы не есці.



Па кулінарных упадабаннях дыктатара праходзіць тонкая мяжа паміж чалавекам і монстрам — сцвярджаюць Вікторыя Кларк, былая маскоўская шэфіня The Observer, і Меліса Скот, у сваёй «Абеды дыктатараў: Як пацешыць тырана самым безгустоўным чынам».
 
 
Аляксандра Лукашэнку аўтаркі сваёй увагай абмінулі. А самі ж пераконваюць, што ежа ўплывае на наш настрой, нутро і светапогляд. Вы залежыце ад таго, што ядуць вашы кіраўнікі, — намякаюць яны, прымушаючы задумацца, чым і як мы кормім свайго адзінаабранага.
 
 
Кім Ір Сэн патрабаваў, каб адмыслова для яго вырошчвалі рыс, а Антоніё Салазар любіў сардыны, якія нагадвалі яму пра маленства ў галечы. Пераважная большасць дыктатараў маюць простае сялянскае паходжанне і наўрад ці здольныя палюбіць Кордан Блю, — пішуць дзяўчаты.
 
 
Не здзівілі.
 
 
Сам Аляксандр Лукашэнка не раз казаў, што ежу любіць простую, а ў кулінарныя гуру абірае толькі правераных людзей. Так яшчэ маладым прэзідэнтам Лукашэнка пераняў метад Фідэля Кастра і стаў кожны ранак піць грэйпфрутавы сок.
 
 
«Усё сваё», — так і цяпер сфармуляваны галоўны харчовы прынцып беларускага кіраўніка. Самая смачная для яго страва — малочны суп.
 
 
«Сала я з дзяцінства не еў, а калі цяпер ем сала, то зусім няшмат. Салаты толькі звычайныя. Вось, кажуць, трэба есці марскую капусту... Я магу з'есці іншым разам праз сілу, але мне агідна... Яшчэ сушаную садавіну, бо дактары рэкамендуюць пры такіх фізічных нагрузках. А так усё сваё», — казаў Аляксандр Лукашэнка ў надзвычай шчырым інтэрвію газеце «Литовскій курьеръ».
 
 
Там жа кіраўнік кажа, што навучыў сваіх кухараў гатаваць дзеруны, якія таксама любіць. Што ён есць шмат свежага хлеба, які пякуць адмыслова для яго, і абмяжоўвае сябе ў спажыванні бульбы і сырадою, бо гэтыя прадукты ўжо таксама шкодныя ў ягоным узросце.
 
 
Кіраўнік Беларусі настолькі паслядоўны ў сваіх прынцыпах, што мае пры рэзідэнцыі гарод. Гэтым летам уся краіна назірала, як з прэзідэнцкіх палёў ён уласнымі рукамі збірае ўраджай кавуноў і дыняў.
 
 
«Прыўкрасная халва» — бадай адзіная слабасць Аляксандра Лукашэнкі.
 
 
«Я люблю халву, калі бачу, якая яна прыўкрасная, прашу купіць мне грамаў 300-400...» — кранальна прызнаецца Лукашэнка.
 
 
Такое меню збольшага гарантуе кіраўніку краіны адсутнасць значных праблемаў са здароўем і доўгія гады жыцця.
 
 
А цяпер Аляксандр Лукашэнка ўжо і сам «амаль як Кастра» і вучыць беларусаў не есці на ноч бульбу з мясам.
 
 
Але ўсё гэта мы ведаем са словаў самога Аляксандра Лукашэнкі. А ці бачыў хто, каб ён еў?
 
 
Просты набор у гугле «Путин ест» (не, гэта не тое, што вы падумалі) выдае некалькі дзясяткаў фотаздымкаў. Вось крамлёўскі правадыр перад талеркай з мясам, п’е гарбату з нейкай брытанскай герцагіняй, а з Мядзьведзевым яны разам святкуюць півам Першамай у рэстарацыі Кабзона. Хай інсайдэры кажуць, што толькі ў Крамлі ёсць адмысловы чалавек, на якім правяраюць прэзідэнцкую ежу на атруту. Крамлёўскі піяр не саромеецца ўсадзіць свайго лідэра за кожны расійскі стол.
 
 
«Obama eating» выдае ўжо безліч фотаздымкаў, на якіх амерыканскі прэзідэнт са шчырым голадам угрызаецца ў гамбургер, пажырае на вуліцы нейкую мясцовую «шаўрму» і паўсюль выглядае як чалавек, якому есці ў радасць.
Беларускі прэзідэнт не есць ні з кім і ніколі — такая выснова напрошваецца, калі пераглядзіш ці не дзясяткі афіцыйных здымкаў.
 
 
Вось 12 траўня 2011 Аляксандр Лукашэнка мацае яблыкі ў роднай Александрыі, вось паклаў руку на галоўку Верхнядзьвінскага сыру. А тут візыт у Радашковіцкую школу інтэрнат. На стале тыя ж дзеруны, пячэнне, а ў руках у Аляксандра Лукашэнкі пусты кубак.
 
 
Помніцца яшчэ застолле беларускіх алімпійскіх чэмпіёнак у гасцях у Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы. Але на стале там традыцыйны «дзявочы» набор — цукеркі, торцік, садавіна, шампанскае, чырвонае віно. Мужчына камплекцыі беларускага кіраўніка наўрад ці нават паглядзеў бы на такое. Вывад напрошваецца няўмольна — не для яго гэты стол, не для яго...
 
 
Дзе ж беларусам правесці тую кулінарную мяжу паміж чалавекам і монстрам — як вучаць аўтаркі кнігі пра дыктатарскія абеды?
 
 
Маладая-прыгожая, а галоўнае новая прэс-служба прэзідэнта ўжо ўдала запусціла працэс «ачалавечвання», выступіўшы з тэмай «а ў прэзідэнта каленка баліць». Зламысны Рассельгаснагляд, дэманстратыўна адмовіўшыся ад беларускіх прадуктаў, як бы намякае: трэба пераходзіць на новы ўзровень.
 
 
Бясконца карысныя для здароўя вараныя і вэнджаныя каўбасы Бярозаўскага мясакамбіната, ёгурты «Бабушкина крынка», біяжыццё якіх кожнае неперадузятае вока можа назіраць проста ў слоічку, натуральныя смалявіцкія бройлеры....
 
 
Вось гэта ўсё хтосці мусіць пачаць есці. І вельмі хутка.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:
  • Sergio

  • 2014-12-10 12:17:38
Ну, няпраўда! Я сам па тэлеку бачыў і памятаю: " Я як чалавек не то не п'юшчы, не то мала п'юшчы, выпіваю гэты бакал рускай водкі..." І кубак аб падлогу -- плясь! (У Крамлі пад час
падпісання дамовы аб Саюзнай дзяржаве, здаецца...)
Больш цікавага на «Новым Часе»: