Народнае антыкрызіснае кіраванне падтрымлівае ініцыятыву па адмене хакейнага чэмпіянату свету ў Мінску
Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве.
«Беларускі народ занепакоены праз нядаўнюю заяву прэзідэнта ІІХФ Рэнэ Фазэля аб тым, што міжнародная федэрацыя працягвае перамовы з нелегітымнай уладай пра чэмпіянат па хакеі-2021 ў Мінску. НАУ разам з іншымі ініцыятывамі заклікае ІІХФ, спонсараў і партнёраў, зборныя і балельшчыкаў адмовіцца ад спаборніцтваў ў Беларусі. Удзел у міжнародным форуме, які арганізуе беларуская ўлада, датычная да забойстваў, катаванняў і генацыду народа, можа пацягнуць сур'ёзныя рэпутацыйныя наступствы для кожнага, а таксама паставіць пад сумнеў іх павагу да правоў чалавека», — гаворыцца ў заяве, якую прыводзіць Трыбуна».
Раней Беларускі Фонд спартыўнай салідарнасці заклікаў Škoda, Raiffeisen Bank, нацыянальныя хакейныя федэрацыі адмовіцца ад партнёрства з ЧС-2021. Вядомая беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка выступіла з адкрытым зваротам да прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазеля.
Народнае Антыкрызіснае кіраванне — недзяржаўны прадстаўнічы орган беларускай апазіцыі, мэта дзейнасці якога, як дэкларуецца, палягае ў забеспячэнні стабільнасці ў Беларусі ў выпадку, калі праціўнікам уладаў атрымаецца дамагчыся адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.