«Народная Воля» будзе судзіцца з «Белпоштай» і «Домам друку»
Галоўны рэдактар газеты Іосіф Сярэдзіч гаворыць, што рэдакцыя не можа пагадзіцца з патрабаваннем «Белпошты» выплаціць кампенсацыю за нерэалізаваны наклад «Народнай волі».

Іосіф Сярэдзіч патлумачыў «БАЖ», што «Белпошта» патрабуе ад рэдакцыі вярнуць 108 тысяч беларускіх рублёў за паслугі, бо не атрымлівала ад канца жніўня наклад «Народнай Волі».
— Але яны не атрымлівалі не таму, што мы адмовіліся. Мы прапанавалі ім дастаўляць наклад для падпісчыкаў і тое, што можна прадаваць у аддзяленнях пошты. Некалькі дзён нашыя газеты ляжалі ў экспедыцыі, але ў «Белпошце» думалі і на трэці дзень адмовіліся. Таму мы не можам пагадзіцца з пазовам да нас.
Паралельна будзем праз суд прыцягваць да адказнасці выдавецтва «Беларускі дом друку». Бо яны гавораць, што зламаўся станок і таму не могуць друкаваць газету, але мы лічым, што справа ў тым, што зламаліся мазгі, — кажа Іосіф Сярэдзіч.
Цяпер рэдакцыя вярстае кожны нумар і выкладае яго на сайце ў свабодным доступе.
Пасля таго, як у жніўні выдавецтва «Беларускі дом друку» перастала друкаваць «Народную Волю», рэдакцыя заключыла дамову з тыпаграфіяй у Расіі, газету друкавалі там і прывозілі ў Беларусь. Але потым і расійскае прадпрыемства скасавала дамову.
— Калі мы друкавалі газету ў Расіі, то ў нас наклад не толькі не ўпаў, але і павялічыўся, бо нам дапамагалі валанцёры. Сёння з іх дапамогаю можна любы наклад распаўсюдзіць. У нас былі нумары накладам ад 23 да 40 тысяч — у залежнасці ад магчымасцяў. Газета друкавалася з дапамогаю чытачоў, якія фінансавалі яе выхад. Цяпер мы шукаем выйсце з гэтай сітуацыі, — тлумачыць Іосіф Сярэдзіч.