«Народны рэферэндум»: далей — невядомасць

Ініцыятыва «Народны рэферэндум» да гэтага часу працавала як гадзіннік. Усё было дакладна па графіку і ў свой тэрмін. Але зараз, падаецца, графік збіваецца: да заканчэння першага этапу ініцыятывы застаўся адзін крок, а далей — невядомасць.



narodny_referendum1.jpg

Крыху менш за год таму, напачатку лета нам выклалі цікавы малюнак правядзення «Народнага рэферэндуму», ініцыятарамі якога былі Рух «За свабоду», Партыя БНФ і кампанія «Гавары праўду!». З тых часоў усё было дакладна, як па гадзінніку. На працягу лета структуры параіліся са сваімі сябрамі, што рабіць, на працягу восені сабралі і выпрацавалі шэсць пытанняў для рэферэндуму, напрыканцы 2013 года абвясцілі пачатак збору подпісаў за правядзенне плебісцыту, і, як і планавалася, скарыстаўшы выбары ў мясцовыя саветы, да 23 сакавіка ўжо сабралі 50 000 подпісаў, неабходных для ўнясення ў парламент ініцыятывы аб правядзенні рэферэндуму. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску распавялі лідары структураў «Народнага рэферэндуму»: Уладзімір Някляеў ад «Гавары праўду!», Аляксандр Мілінкевіч ад Руху «За свабоду», Аляксей Янукевіч ад Партыі БНФ і генерал Валер Фралоў ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Як аптымістычна заявіў на пачатку сустрэчы Уладзімір Някляеў, «Народны рэферэндум» зараз, зыходзячы з падзеяў ва Украіне і па ягоным меркаванні, ёсць адзіным выхадам з той сітуацыі, у якой сёння знаходзіцца Беларусь. І выхад гэты — шлях трансфармацыі, шлях эканамічных і палітычных рэформаў мірным шляхам. «Практыка збору подпісаў і досвед, які мы займелі паказвае, што ўладзе ўдалося скарыстаць падзеі вакол Украіны і вакол Крыма для нагнятання страху. Маўляў: «Вось, калі вы будзеце патрабаваць пераменаў, вы займееце свой Майдан, а за гэтым займееце кроў, смерць і вайну». І людзі ў большасці сваёй паддаліся гэтай прапагандзе. Таму сабраць гэтыя подпісы патрабавала прыкладна ў 10 разоў больш часу і высілкаў у параўнанні са зборам подпісаў за вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты ў 2010 годзе», — адзначыў Някляеў.

З аднаго боку, гэта дрэнна, а з іншага — і добра. Таму што кожны подпіс гэтым разам «выпакутаваны» тлумачэннем таго, што такое рэферэндум, навошта ён трэба і «разжаваныя» ўсе ягоныя пытанні. «Кожны з 50 000 подпіс пастаўлены людзьмі, якія ўсведамляюць сітуацыю, якая склалася на сёння ў краіне і разумеюць, чаго яны хочуць. Вось гэта, бадай, асноўнае, што нам удалося зрабіць, скарыстаўшы дзеля збору подпісаў кампанію па выбарах мясцовых саветаў», — заявіў Някляеў.

Аляксандр Мілінкевіч паспрабаваў патлумачыць вартасць рэферэндуму на прыкладзе Украіны, хаця, па ягоных словах, «столькі ўжо гаворана-перагаворана ў нашай краіне пра пагрозы незалежнасці, што, здавалася б, не варта вяртацца да гэтай тэмы». «Але сёння яна актуалізаваная, як ніколі. Самае галоўнае пытанне, якое стаіць перад намі ўсімі: што трэба зрабіць, каб Беларусь заставалася суверэннай незалежнай дзяржавай, якая сама вызначае сваю будучыню? Мы ўвесь час кажам, што незалежнасць — гэта самастойнасць эканамічная — нам гэтага не хапае. Эканамічная залежнасць ад Масквы сёння катастрафічная. А каб паменшыць гэтую залежнасць, нам трэба добрыя адносіны з ЕС, бо тэхналогіі і мадэрнізацыя прыйдуць адтуль і нават альтэрнатывы гэтаму няма. Каб быць незалежнымі, у краіне павінен быць дыялог — мы пра яго таксама многа кажам. Без дыялогу паміж уладай і грамадствам будзе супрацьстаянне, якое будзе выходзіць на плошчы. Гэта ўлада можа справакаваць Плошчы і, нават, крывавыя плошчы. Калі мы кажам пра наш рэферэндум — гэта прапанова іншай формы размовы ў грамадстве», — адзначыў Мілінкевіч.

Аляксей Янукевіч, у адрозненне ад іншых, быў больш катэгарычны. «Канешне, зараз патрабавалася больш часу, каб пераканаць людзей, што ім трэба паставіць подпіс. Але, калі пачыналася гутарка, яна ішла на іншым узроўні, пра самыя важныя і грунтоўныя рэчы, у адрозненне ад таго, што было некалькі месяцаў таму. Мы казалі, што Расія пасля Крыму апынаецца ў міжнароднай ізаляцыі, і будзе губляць той эканамічны патэнцыял, які ў яе ёсць. І тая эканамічная мадэль, якая ёсць у Беларусі і грунтуецца, перш за ўсё, на дапамозе Расіі, не будзе дзеяздольная. Ці гатовыя мы пайсці на дно разам з расійскім «Тытанікам»? Тое ж тычылася пытання размяшчэння вайсковых базаў — ці трэба, каб нашы жаўнеры ехалі ваяваць у Крым і вярталіся б адтуль у цынкавых трунах? Дзеля таго, каб усё гэта не здарылася, нам патрэбныя рэформы. Мы вельмі добра пабачылі, што недастаткова людзям сёння даваць лозунгі — ім зараз трэба даваць аргуманты», — паведаміў Янукевіч.

Таму, па ягоных словах, актуальна зараз прапаноўваць народу не пытанні рэферэндуму, а адказ на іх. «Мы бачым, і людзі разумеюць: стаўка, якая рабілася шмат год на атрыманне дапамогі ад Расіі і супрацоўніцтва з Расіяй, можа ляснуцца ў любы момант, разам з тым, як ляснецца Расія пасля свайго ўварвання ў Крым. Таму нам патрэбныя перамены, таму мы збіраем гэтыя подпісы і будзем прапаноўваць дэпутатам парламента прызначыць рэферэндум», — сказаў Янукевіч.

Так што наступны крок зразумелы — перадача подпісаў у Палату прадстаўнікоў. Але, паведаміў Уладзімір Някляеў, не агулам у сакратарыят, а персанальна кожнаму дэпутату, і з кожным дэпутатам паразмаўляць пра неабходнасць рэферэндуму.

Гэта апошні відавочны крок у першым этапе кампаніі «Народны рэферэндум», — прадставіць подпісы дэпутатам. Не факт, што гэта спрацуе, і нават верагодней за ўсё, ад дэпутатаў атрымаюць адпіскі кшталту: «Вашае пытанне мы разгледзелі, але бюджэт гэтага, будучага і паслязаўтрашняга года выдаткаў на рэферэндум не прадугледжвае. Выбачайце». Альбо гэтыя 50 000 подпісаў проста праігнаруюцца, як былі праігнараваныя 50 000 подпісаў вернікаў за тое, каб адмяніць рэпрэсіўны закон аб веравызнанні. То бок, нават неабходныя для заканадаўчай ініцыятывы подпісы, калі яны «аформленыя неналежным чынам», не ёсць для сённяшніх народных выбраннікаў сігналам да дзеяння.

Што ж тычыцца далейшага дзеяння «Народнага рэферэндуму», то, падалося, што арганізатары гэтай ініцыятывы яе лёс уяўляюць цмяна. Валер Фралоў проста на прэс-канферэнцыі прапанаваў сабрацца ў Мінску на плошчы Бангалор, каб стварыць ініцыятыўную групу па збору подпісаў за «Народны рэферэндум» у колькасці тысячы дзве чалавек, зарэгістраваць яе ў ЦВК і ізноў збіраць подпісы за правядзенне рэферэндуму.

Уладзімір Някляеў разам з Аляксеем Янукевічам зазначылі, што збор подпісаў за «Народны рэферэндум» працягнецца, але ўжо, як кажуць, «да скону», — чым больш подпісаў набярэцца, тым лепш. «Мы ўсе тут сядзячыя будзем рабіць усё для таго, каб на 2015 год апазіцыя вылучыла адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары. Мы будзем гэтага дамагацца. Тыя 450 тысяч, альбо паўмільёны подпісаў, апроч усяго іншага, — наўпроставая падтрымка адзінага кандыдата ад апазіцыі», — заявіў Някляеў.

Аляксандр Мілінкевіч, між тым, дадаў, што не бачыць рэферэндум як інструмент «аднамомантавай змены ўлады». «Рэферэндум — гэта інструмент уплыву на грамадства. Грамадств цверда хоча рэформаў, але не ведае, хто будзе мяняць што будзе мяняць. Рэферэндум — гэта дыскусія ў грамадстве. Улада гэтага не робіць — мы спрабуем гэта зрабіць. Гэта няпроста, але мэта такая, каб грамадства хоць інтуітыўна з дапамогай рэферэндуму зразумела, што яно хоча памяняць у краіне, якой будзе гэтая краіна. І мы павінныя даказаць, што ўмеем не толькі задаваць пытанні, але і ведаем, як гэтыя пытанні вырашыць», — адзначыў Мілінкевіч.

Карацей, усе прыхільнікі «Народнага рэферэндуму» згодныя ў адным — збор подпісаў пад гэтай ініцыятывай працягнецца. Так бы мовіць, «дзеля будучыні», бо што рабіць з гэтымі подпісамі ў адсутнасці рэальнага механізму ўплыву на ўладу і дэпутацкі корпус — невядома.