Наста Дашкевіч накіравала запыты ў МУС і СК наконт распальвання праваахоўнікамі сацыяльнай варожасці
Наста Дашкевіч даслала запыт да падпалкоўніка міліцыі Голікава А.В, у якім просіць распавесці пра тое, якія меры прафілактычнага ўздзеяння міліцыя праводзіла ў дачыненні да яе мужа, Змітра Дашкевіча. Пра гэта Наста паведаміла ў свамі фэйсбуку.
Справа ў тым, што ў матэрыялах справы Змітра Дашкевіча сярод іншага было хадайніцтва кіраўніка Мінскага РУУС А.В. Голікава. Яно было накіравана старшыні Мінскага раённага суда Кананчуку. Голікаў звярнуўся да суда і адзначыў, што да такіх асоб, як Дашкевіч, штрафы паказалі сваю неэфектыўнасць, «спарадзілі ў іх пачуццё беспакаранасці і ўсёдазволенасці» і што меры прафілактычнага характару, якія да іх прымяняюцца, сябе вычарпалі. Таму падпалкоўнік міліцыі прасіў суд пакараць Дашкевіча адміністрацыйным арыштам. Голікаў «дадае, — піша Наста, — што “ў сваю чаргу, пры адбыцці гэтай асобай адміністрацыйнага арышту з боку ОУС будзе арганізаваны увесь комплекс мер прафілактычнага уздзеяння, у тым ліку прыцягненне да працы”.
З гэтай нагоды я накіроўваю запыт да падпалкоўніка міліцыі Голікава А.В. з просьбаю пералічыць, які комплекс мер прафілактычнага ўздзеяння арганізаваны для майго мужа. Таму што, у адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 5.1 Главы 5-тай Раздзела 3 КоАП, “прафілактычныя меры ўздзеяння ўжываюцца ў выпадках, прадугледжаных Кодэксам пры вызваленні асобы, якая здзейсніла адміністрацыйнае правапарушэнне, ад адміністратыўнай адказнасці”».
Наста Дашкевіч адзначае, што, калі Зміцер прысуджаны да адміністрацыйнага арышту, да яго не могуць ўжывацца прафілактычныя меры ўздзеяння.
Наста таксама просіць патлумачыць, «на падставе чаго адбываюцца начныя пад’ёмы а 23 гадзіне і 2 гадзіне начы, на аснове якога пункту "Правіл унутранага распарадку" майго мужа пакінулі без матрасаў, пасцельнай бялізны, па якой прычыне ў камерах заўжды гарыць дзённае святло».
Наста паведаміла, што запыты з гэтымі ж пытаннямі яна даслала ў МУС і СК, «каб правялі праверку на прадмет наяўнасці ў дзеяннях кіраўніка Мінскага РУУС і супрацоўнікаў ІВС Мінскага р-на прыкмет крымінальнага злачынства — распальвання сацыяльнай варожасці і перавышэння службовых паўнамоцтваў».