Наста Лойка: Перавод 50 рублёў знаёмаму ў СІЗА трактавалі як фінансаванне тэрарызму

Праваабаронца Наста Лойка хацела перавесці 50 рублёў знаёмаму, які знаходзіцца ў СІЗА, аднак у гэтым адмовілі, а пашпарт дзяўчыны патрапіў пад адмысловы кантроль праз «спробу фінансавання тэрарызму».

Наста Лойка

Наста Лойка

Наста Лойка распавяла на сваёй старонцы ў Facebook : «Сёння я схадзіла на пошту, і мой пашпарт патрапіў на фінансавы кантроль за спробу фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасці».

— Я прыйшла на пошту, аформіла бланк электроннага пераводу, аддала касіру паперу. І калі яна пачала ўводзіць інфармацыю, у яе высветлілася адзнака [аб тым, што чалавек з СІЗА знаходзіцца ў «Пераліку арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці»]. Яны папрасілі ў мяне пашпарт, зрабілі адзнаку ў фінансавай сістэме, сказалі, што не могуць прыняць перавод і што мае дадзеныя пойдуць на фінансавы кантроль, — кажа дзяўчына.

Маці гэтага ж хлопца таксама не раз спрабавала перавесці сыну грошы з моманту ягонага затрымання ў канцы 2020 года, але ёй ні разу не ўдалося гэтага зрабіць. Жанчына прыгадала, што ёй таксама нешта казалі пра фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці, піша блог «Отражение».

Што гэта значыць для людзей у СІЗА або калоніі ўключэнне ў гэты спіс?

Зняволеныя і асобы, якія знаходзяцца пад вартай, ды ўнесены ў пералік, абмежаваныя ў праве атрымліваць грашовыя пераводы: “Гэта звязана з забаронай фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці. А калі людзі знаходзяцца ў "спісе тэрарыстаў" , то перавод ім аўтаматычна лічыцца такім фінансаваннем, — разважае праваабаронца. — Гэта сур'ёзнае абмежаванне. Атрымліваецца, чалавек не можа сам падпісацца нават на газеты і часопісы, таму што мы не можам яму перавесці для гэтага грошы. А калі яго адправяць у калонію, сітуацыя будзе яшчэ больш сур'ёзней. Там важная атаварка, таму што перадачы прымаюць вельмі рэдка, а ежы недастаткова і патрэбныя многія іншыя рэчы, якія асуджаны звычайна купляе сам”.