Настаўніца ўдарыла школьніка аб парту — і той трапіў у бальніцу. Чым скончылася праверка міліцыі
У Чачэрску настаўніца ўдарыла школьніка аб парту, дзіця трапіла ў бальніцу. Цяпер завяршылася праверка ў дачыненні да настаўніцы. Крымінальную справу не распачалі. Падрабязнасці TUT.BY паведамілі ва УУС.

Фота: Сяргей Комаў
Завяршылася праверка ў дачыненні да настаўніцы, якая ўдарыла на ўроку школьніка, пасля чаго той трапіў у бальніцу. Распачынаць крымінальную справу ў дачыненні да настаўніцы не сталі.
— У дзеяннях настаўніцы можна ўгледзець склад ўчынку, які караецца крымінальна, прадугледжанага артыкулам 153 КК Рэспублікі Беларусь. Аднак дадзены артыкул належыць да спраў прыватна-публічнага абвінавачвання і ўзбуджаецца выключна па заяве асобы, пацярпелай ад злачынства. Таму ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена. Заяўнік можа распачаць у судзе справу прыватнага абвінавачвання, аднак бацька школьніка ўжо напісаў заяву, што прэтэнзій да настаўніцы не мае, да адказнасці прыцягваць не хоча, — распавёў TUT.BY афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў.
— Так, вырашылі не звяртацца, — пацвердзіў TUT.BY бацька пацярпелага хлопчыка Мікалай. — Ніхто на нас не ціснуў, проста шкада стала чалавека, у яе [настаўніцы] дзеці збіраюцца ў міліцыю ісці, могуць быць праблемы — не хачу ламаць ім лёс. Ды і сама яна раскаялася і прасіла прабачэння.
Мужчына распавёў, што наступствы траўмы сын адчувае дагэтуль: у хлопца часта баліць галава і са спортам (Арцём займаецца дзюдо) на паўгода давялося развітацца. Дзіця наглядае неўролаг.
Нагадаем, 18 студзеня пасля ўрокаў вучань 6-га класа школы горада Чачэрска апынуўся ў бальніцы. У дзіцяці дыягнаставалі ўдар ілба і чэрапна-мазгавую траўму.
Як высветлілася, на ўроку паміж школьнікам і настаўніцай беларускай мовы і літаратуры адбыўся канфлікт. Пасля гэтага дзіця пайшло дадому, і там родныя заўважылі, што з хлопцам нешта не тое. Хлопчык распавёў бабулі, што ў класе ўсе шумелі — і ў нейкі момант настаўніца ўзяла яго за шыю і ўдарыла аб парту галавой.
У шпіталі хлопец правёў тыдзень.
Паводле tut.by