«Настрой добры, будзем працягваць». Жыхар «Пірса», які адмовіўся здымаць сцяг з балкона, выйшаў на волю пасля 15 сутак

19 сакавіка з ізалятара часовага ўтрымання Мінскага раёна на волю выйшаў Ілля Квачэнка — жыхар квартала «Пірс» пад Мінскам, якога асудзілі на 15 дзён арышту за тое, што вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на ўласным балконе, паведамляе «Свабода».

a27f6152_4630_4364_a063_1e66b2379fff_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.webp

За гэта ў яго таксама канфіскавалі машыну.

«Лёгка ўсё прайшло. Не параўнаць з тым, што было ў жніўні. Персанал ветлівы, харчаванне нармальнае. З 60 чалавек было 10 „палітычных“. Знайшоў новыя знаёмствы. Са мной сядзелі ў асноўным тыя, у каго ўзламалі дзверы, канфіскавалі тэхніку з інфармацыяй», — сказаў па выхадзе Ілля Квачэнка.

Ён дадаў, што настрой у яго добры, «будзем працягваць».

92e15e87_1ef0_41ff_b909_9c5325577279_w650_r0_s.webp


5 сакавіка суддзя Мінскага раённага суда Антон Колабаў прызнаў яго вінаватым у «адзіночным пікеце». Ілля віны за сабой не прызнаў.

Раніцай 4 сакавіка на Іллю Квачэнку, жыхара квартала «Пірс», што знаходзіцца ў Мінскім раёне, склалі пратакол паводле арт. 24.23 («Парушэнне правілаў правядзення масавага мерапрыемства»).

Увечары 2 сакавіка супрацоўнікі ДАІ з невядомых прычын эвакуявалі аўтамабіль жыхара квартала «Пірс» з яго уласнай паркоўкі пад домам. Ілля некалькі месяцаў таму вывесіў на ўласным балконе бел-чырвона-белы сцяг. 3 сакавіка ранкам супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да яго дадому, адключылі святло і пакінулі пад дзвярыма позву ў РУУС.