«Наша мова адна з самых прыгожых у свеце!» Тэнісістка Вольга Барабаншчыкава загаварыла па-беларуску
Вядомая ў нядаўнім мінулым беларуская тэнісістка (49-е найвышэйшае месца ў сусветным рэйтынгу) перайшла на родную мову. Аб гэтым яна распавяла ў сацсетках. Раней Барабаншчыкава падтрымала беларускі пратэст.
«Прыгажосць беларускай мовы, — напісала Вольга Барабаншчыкава на сваёй старонцы ў фэйсбуку. —
Сёння, калі я пачала размаўляць на беларускай мове, мне стала крыху сорамна і хвалююча. Але чаму мне павінна быць сорамна? — падумала я адразу. Бо мы ж не вінаватыя ў тым, што ў нас так пастаўлена адукацыя. Калі кожны гаворыць на расійскай, і першая мова дакладна не беларуская ..
Я лічу, што не трэба саромецца гаварыць на сваёй мове. Мне здаецца, нам варта чытаць пабольш нашай роднай літаратуры, таго ж Караткевіча, і іншых выдатных беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Дзякуй ім за тую спадчыну, якую менавіта яны захавалі для ўсіх нас, будучых пакаленняў. Калі б не яны — у каго б мы вучыліся?
Рэалізацыя дня: асабіста мне было дзіўна ўсведамляць, што мой ангельскі і нават польскі ў разы лепшы, чым мая родная беларуская мова.
Але я яскрава разумею, што ніколі не позна вучыцца! Тым больш, наша мова такая цудоўная, адна з самых прыгожых у свеце!
Сапраўдная беларуская мова вельмі мяккая і меладычныя.
Сёння я яшчэ больш закахалася ў нашу цудоўную ды чароўную мову! Я ўпэўнена, што многім з нас вельмі прыемна чытаць гэты пост толькі з-за неверагоднай прыгажосці беларускай мовы.
Толькі паслухайце вершы Пімена Панчанкі:
Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж Яна вечная жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальны Палескіх крыніц,
Сінь чабор І Барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.
Мне здаецца, гэта сапраўдная асалода для вушэй. Сёння я ўсвядоміла, што мы ўсе з вамі валодаем гэтай найвялікшай спадчынай!
Я ў захапленні!
Вялікі дзякуй за гэтую магчымасць і натхненне неверагоднай @katy_pac, якая перадала мне гэтую дзіўную эстафету.
А вам падабаецца беларуская мова?
Хацелі б, каб у нашай краіне больш людзей размаулялi па-беларуску?
Шчыра абдымаю».