Наталлі Ільініч адмовілі ў працы ў Талькаўскай школе
Сёлета ў Талькаўскай СШ вызвалілася месца настаўніка гісторыі, былога выкладчыка перавялі працаваць у аддзел ідэалогіі. Даведаўшыся пра гэта, Наталля Ільініч, якая раней і працавала настаўнікам у гэтай школе, падала заяву на працу.
Аднак з аддзела адукацыі спачатку прыйшоў адказ, што такой вакансіі няма. А пасля стала вядома, што на гэтае месца ўзялі іншага чалавека.
Спадарыню Ільініч звольнілі ў 2011 годзе, праз месяц пасля прэзідэнцкіх выбараў, нягледзячы на хадайніцтвы старшыні школьнай прафсаюзнай арганізацыі, бацькоў вучняў і выпускнікоў.
26 гадоў яна адпрацавала ў Талькаўскай школе, дзе стварыла краязнаўчы гурток і сайт talka.info, выдала кнігу «Талька і наваколле», даследавала нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1863 года супраць Расійскай імперыі пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў Ігуменскім павеце, штогод праводзіла Талькаўскі фестываль. Сярод яе выхаванцаў — філосафы, сацыёлагі, гісторыкі і фалькларысты.
Наталля Ільініч не ўваходзіць ні ў якую палітычную партыю, хоць і брала актыўны ўдзел у шэрагу выбарчых кампаній — збірала подпісы за дэмакратычных кандыдатаў і была назіральнікам.
Настаўніца звярталася і да начальніка аддзела адукацыі Пухавіцкага райвыканкама Таццяны Чарнышовай, і да міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, і нават у суд — з просьбай аднавіць яе
на працы. Аднак усе звароты былі безвыніковымі, суд пакінуў рашэнне адміністрацыі школы без зменаў.