Наталлю Хершэ трымаюць адну ў камеры. Угаворваюць напісаць прашэнне аб памілаванні

Наталля Хершэ, асуджаная за сарваную балаклаву, амаль два месяцы правяла ў штрафным ізалятары ў калоніі, дзе нават не выдаюць пасцельную бялізну. Так яе пакаралі за адмову шыць форму сілавікам і іншыя парушэнні. Цяпер яе перавялі ў камеру, дзе яна сядзіць адна. І ўгаворваюць пісаць прашэнне аб памілаванне на імя Лукашэнкі, піша «Наша Ніва».

b1b8fc3f731baa7bd089d.jpg

Цяпер Наталля знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу. Гэта камера з больш строгім рэжымам утрымання.
«Яе можна назваць мяккім карцарам. Там ёсць ложак, стол, крэсла, пасцель. Можна замаўляць кнігі з бібліятэкі, дазволены паўгадзінныя шпацыры на паветры кожны дзень. У ПКТ Наталля адна. Яна кажа, што для яе гэта лепш, чым у атрадзе, бо можна не працаваць. Псіхалагічны стан у яе такі, што ёй хочацца пабыць адной, адпачыць. Паводле слоў адваката, выглядае яна нядрэнна», — расказаў «НН» яе брат Генадзь.
Ужо больш за два месяцы ён не атрымлівае ад сястры ні лістоў, ні званкоў. Застаюцца толькі размовы праз адваката.
«Мае два лісты ёй не перадалі праз тое, што яны маюць "экстрэмісцкую рыторыку". Я пісаў, што няма справядлівасці ў краіне», — кажа Генадзь.
Цяпер Наталлі дазволена ліставанне, але спатканні забаронены. У пакупках яна абмежаваная — у краме жанчына можа патраціць адну базавую велічыню ў месяц (29 рублёў).
«Дадаткова раз на месяц я магу замовіць для яе праз інтэрнэт-краму фруктовую пасылку да 10 кг. Гэта апельсіны, лімоны, яблыкі, таматы і цыбуля. Наталля казала, што да яе тройчы прыходзілі з пытаннем, ці будзе яна пісаць прашэнне аб памілаванні. З розных устаноў, у тым ліку з адміністрацыі калоніі. Яна адмовілася, бо лічыць, што пісаць прашэнне значыць прызнаць сябе вінаватай».