«Навокал возера платы паставілі». У чым прычына сваркі дачкі экс-міністра, што патрапіла ў зліў былых сілавікоў
У злітым сёння аўдыё ад былых сілавікоў гаворка ішла пра «адпрацоўку» жыхара Дзяржынскага раёна Каліноўскага, «суседа дачкі міністра», сварка з якім і стала прычынай таго, што на самым высокім узроўні яго «папрасілі паставіць на месца». Як стала вядома «Наша Ніве» гаворка ў аўдыё ішла пра дачку былога міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца.
«Ну, тыпу перабітыя нумары. Падазрэнне. Нам каманда
генерала, бл****, пад яго працаваць як паложана. У Копішава (прозвішча
начальніка крымінальнай міліцыі УУС Мінаблвыканкама. — Заўв. рэд.) гэта на
кантролі. Ну, вось трэба было неяк машыну забраць, вось і забралі. Прыдумалі.
[…]
Гэта ў міністра на кантролі стаіць. Там ён, бл****, сусед
адной з дачок міністра сельскай гаспадаркі, так скажам. Там у іх вайна між
сабой. Сказалі па ім папрацаваць, вось і ўсё — працуем», — ідзе гаворка падчас
размовы.
Як стала вядома, гісторыя адбылася ў вёсцы
Узрэчча Дзяржынскага раёна.
Фігуранты гісторыі — жыхар вёскі 55-гадовы Анатоль
Каліноўскі і сям'я Лагуновічаў — Аляксандр і Наталля. Наталля Лагуновіч — у
дзявоцтве Заяц, — дачка былога міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца. Зараз
яе тата — старшыня Магілёўскага аблвыканкама.
У чым жа прычына сваркі людзей, што жывуць побач? Дэталі іх
канфлікта расказалі суседзі Каліноўскага і Лагуновічаў.
«Сэнс у тым, што ў вёсцы ёсць возера, а там навокал платы
паставілі — немагчыма да яго ўжо падысці, усё пазносілі, дзе раней людзі
адпачывалі, рыбачыць ужо няма як.
Толік (Каліноўскі. — Заўв. рэд.) пайшоў скардзіцца ў сельскі савет,
маўляў, што ж гэта такое, чаму гэта ўсё забарыкадавалі, акупавалі, ні метра, ні
паўметра не пакінулі, каб да вады прайсці.
Ну, вось з гэтага ўсё і пачалося, яго цяпер так ціснуць, што
яму ўжо ні возера, нічога не хочацца», — расказалі жыхары вёскі.
Сам Анатоль Каліноўскі пра гэтую гісторыю нічога не сказаў,
сказаў толькі, што ў яго сапраўды арыштоўвалі машыну — вярнулі праз тры тыдні,
а таксама што трое сутак правёў у ІЧУ.
Адметна, што і Каліноўскі, і Лагуновіч ездзяць на
аднолькавых аўто — «Volvo XC90».
Губернатарская дачка, Наталля Лагуновіч, пачуўшы пытанне пра сітуацыю, сказала, даслоўна: «Ой, усё, да пабачэння!»