«Неабходна па 5 дзяўчат ад раёна». Мінгарвыканкам шукае ўдзельніц на кастынг для «Міс Беларусь»
Па сацсетках ў чацвер разышоўся ліст Мінгарвыканкама, у якім сказана: «Для ўдзелу ў гарадскім этапе конкурсу "Міс Беларусь" неабходна накіраваць ад кожнага раёна Мінска па 5 (пяць) дзяўчат». TUT.BY cпытаў ў Нацыянальнай школе прыгажосці, ці ёсць «напружанка» з жадаючымі паўдзельнічаць.
Нагадаем, у красавіку ў розных гарадах Беларусі праходзіў гарадскі адбор Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь». У Наваполацку і Брэсце на кастынг прыйшлі ўсяго па адной дзяўчыне.
Што за ліст Мінгарвыканкама?
Як быццам намякае на тое, што ў гэтым годзе з жадаючымі паўдзельнічаць у конкурсе ёсць нейкая праблема, і ліст за подпісам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Арцёма Цурана, які з'явіўся ў сеціве.
У дакуменце сказана, што 22-23 мая на базе Нацыянальнай
школы прыгажосці пройдзе Мінскі гарадскі этап Нацыянальнага конкурсу «Міс
Беларусь».
«Для ўдзелу ў гарадскім этапе конкурсу неабходна
накіраваць ад кожнага раёна г. Мінска па 5 (пяць) дзяўчат, якія адказваюць
патрабаванням пункта 5 інструкцыі».
Спісы удзельніц трэба да 3 траўня накіроўваць ва ўпраўленне
культуры Мінгарвыканкама.
TUT.BY спытаў у гарадскіх улад, чаму з'явіўся такі ліст.
Як толькі будзе каментар, мы дадамо яго.
А што за патрабаванні ў інструкцыі?
Гаворка ідзе пра інструкцыю аб парадку арганізацыі і правядзення Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь». Яна зацверджана пастановай Мінкульта №39 ад 19 ліпеня 2017 года. Дакумент можна знайсці на Нацыянальным прававым партале.
У пятым пункце прапісаны патрабаванні да удзельніц.
Напрыклад, яны павінны быць грамадзянкамі Беларусі і пастаянна жыць у краіне.
Узрост — ад 18 да 24 гадоў уключна на дату правядзення фіналу, рост — не ніжэй за
174 сантыметры. Дзяўчаты не павінны быць замужам (у мінулым — таксама), у іх
не павінна быць дзяцей, на целе — татуіровак і пірсінгу. Не дапускаюцца да
конкурсу тыя, у каго ўжо быў тытул «Міс Беларусь», пераможцы папярэдніх
нацыянальных конкурсаў, «а таксама асобы, якія маюць дачыненне да фота- і
відэаматэрыялаў эратычнага або парнаграфічнага зместу».
Што кажуць у Нацыянальнай школе прыгажосці?
Мінскі гарадскі этап конкурсу «Міс Беларусь» пройдзе на базе Нацыянальнай школы прыгажосці. У прэс-службе школы TUT.BY распавялі, што не былі ініцыятарамі ліста Мінгарвыканкама аб пошуку ўдзельніц, самі даведаліся пра дакумент з навін.
— На мінскі адбор можа прыйсці абсалютна любая дзяўчына,
якая зацікаўленая ўдзельнічаць у конкурсе. Патрабаванні ёсць у адкрытым доступе.
Рэгістрацыі на кастынг у Мінску не будзе. Усё як звычайна: у парадку жывой
чаргі, пашпарт з сабой. Ёсць сэнс узяць з сабой купальнік і туфлі на абцасах —
дзяўчына павінна быць гатовая прадэфіляваць ў такім вобразе і адправіцца на
фатаграфаванне.
У Нацыянальнай школе прыгажосці запэўніваюць, што недахопу ва ўдзельніцах няма, у гэтым годзе праходзіць толькі дабор. Там нагадалі, што
паўфінал Нацыянальнага конкурсу «Міс Беларусь» у 2020-м так і не адбыўся з-за
пандэміі каронавіруса.
— Ёсць 80 паўфіналістак. Іх абтэлефанавала група конкурсу,
мы ўдакладнялі, ці не змянілася нешта ў іх жыцці, напрыклад, сямейны статус,
яшчэ нейкія моманты. Дзяўчаты пацвердзілі свой удзел, ім другі раз праходзіць
адбор не трэба. У паўфінале іх будуць адглядаць разам з тымі, хто пройдзе дабор
зараз.