Неабыякавая беларуска пакінула 2000 зваротаў на партале 115.бел. Што атрымалася?

Звычайна, праходзячы па неасветленым завулку, у думках мы лаем камунальныя службы за недапрацоўкі. Але ж мы і самі можам стымуляваць камунальнікаў аператыўна рэагаваць на штодзённыя бытавыя выклікі. Аб тым, як гэта зрабіць, бясплатная інфаслужба па рашэнні экапраблем «Зялёны тэлефон» паразмаўляла з актывісткай, якая пакінула больш за 1000 зваротаў і не збіраецца спыняцца.

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas3_logo.jpg.crdownload


Для таго, каб праінфармаваць камунальнікаў пра актуальную гарадскую праблему, трэба ўсяго толькі набраць нумар 115 і распавесці аператару аб тым, што, па вашым меркаванні, варта было б палепшыць. Нумар 115 належыць сервісу 115.бел альбо Рэспубліканскаму парталу гарадской гаспадаркі «Мая рэспубліка», які быў створаны адмыслова для таго, каб спрасціць і паскорыць камунікацыю паміж гараджанамі і камунальнымі службамі.

Акрамя простага тэлефоннага нумара ў сэрвіса ёсць свой інтэрнэт-партал і мабільны дадатак, на якім таксама можна пакінуць запыт, спачатку зарэгістраваўшыся. Калі ён пройдзе першапачатковую мадэрацыю, яго дашлюць наўпрост у гарвыканкам альбо ў камунальныя службы.

На жаль, апошнім часам колькасць заявак на партале адчувальна паменшылася: гарадскія жыхары не імкнуцца актыўна ўплываць на асяроддзе, а магчыма і не вераць, што вынік можа быць пазітыўным. Але ж досвед актыўных карыстальнікаў партала гаворыць аб адваротным. Распыталі адну з карыстальніц сэрвісу 115.бел, экаактывістку Паліну Бурко, аб тым, як склалася яе асабістая гісторыя ўзаемадзеяння з платформай.

— Паліна, калі ласка, распавядзі крыху пра сябе.

— Усё жыццё я пражыла ў Мінску. У канцы 2021 года я была вымушана пераехаць у Латвію па палітычных прычынах і з тых часоў жыву ў цудоўнай Рызе. У экаактывізме я з 2016 года, у 2017-м пачала валанцёрыць у «Зялёнай сетцы», а ў 2019 годзе далучылася да Беларускіх Маладых Зялёных, дзе мая актывісцкая дзейнасць пашырылася яшчэ больш. Цяпер я працую менеджаркай і аператаркай у «Зялёным тэлефоне» — бясплатным сэрвісе, які дапамагае вырашаць экалагічныя праблемы, а ў Беларускіх Маладых Зялёных я каардынатарка па міжнародных пытаннях.

— Як ты пачала рабіць звароты праз 115.бел? Ці памятаеш свой першы зварот?

— Звароты праз 115.бел я пачала рабіць у верасні 2020 года, калі пра гэта пачаў пісаць Антон Матолька. Тады ён прапанаваў заняць чымсьці ЖЭСы, каб яны, замест абразання бел-чырвона-белых стужак і зафарбоўвання палітычных графіці, пачалі займацца вырашэннем рэальных побытавых праблем. На той момант я ўжо даўно была задзейнічана ў экалагічным актывізме, да таго ж мне вельмі падабалася тэма ўрбаністыкі. Мне проста падабаецца рабіць тэрыторыю вакол мяне прыгажэйшай, я стаўлюся да гэтага як да мастацтва. Я імкнулася зрабіць Мінск і раён, дзе я жыла, больш камфортным і прыгожым, таму ідэя са зваротамі праз 115.бел мне вельмі спадабалася, і я пачала актыўна іх дасылаць.

Першы свой запыт на платформе я зрабіла наконт вялікай шчыліны ў сцяне свайго ж пад’езда. Літаральна праз дзень пасля яго адпраўлення праблему вырашылі, хоць і не вельмі ладна. Але гэты кейс даў мне разуменне таго, што 115.бел сапраўды працуе.

— Колькі зваротаў ты зрабіла агулам і якія тэмы былі самымі папулярнымі?

— Цяпер дадатак 115.бел паказвае, што я даслала агулам 522 звароты, хаця я памятаю, што іх было ў некалькі разоў больш. Магчыма, нейкая частка выдалілася. Да таго ж у мяне быў доступ да акаўнта іншага чалавека, і я магла дасылаць звароты і з яго. Таму колькасць зваротаў дайшла да тысячы ці дзвюх.

Я імкнулася дасылаць максімальную колькасць запытаў у дзень, але дасылаць звароты канешне ж атрымлівалася не штодня. Падаецца, гэта было каля 30 зваротаў. Калі дасягала ліміту, то падключалася да іншага акаўнта і працягвала дасылаць адтуль.

Знайсці праблемы было зусім нескладана, бо шпацыраваць па горадзе я вельмі люблю, проста прыходзілася яшчэ і рабіць фотаздымкі наваколля. Напэўна, самая «папулярная» праблема — розныя дурацкія графіці з мацюкамі ці чымсьці непрыстойным. Я ніколі не рабіла звароты наконт прыгожых артаў, але я ўсё ж чалавек культуры, таму ўсялякія неэстэтычныя ці абразлівыя малюнкі на сценах мяне вельмі напружвалі. Да таго ж мне здавалася, што чым актыўней будуць замалёўваць усялякія непрыемныя надпісы, тым менш застанецца фарбы і рэсурсаў, каб замаляваць нешта палітычнае. Запыты на выдаленне палітычных графіці я, вядома, ніколі не рабіла.

— А можаш падзяліцца гісторыямі некалькіх зваротаў, якія табе больш за ўсё запомніліся?

— Мой самы «любімы» кейс — пра тратуар на прыпынку побач з маім домам. Ён доўгі час быў у настолькі жудасным стане, што адна знаёмая бабуля зламала праз яго ключыцу. І я, і некторыя іншыя людзі, пачынаючы з восені 2020 года, дасылалі звароты, каб у тым месцы паклалі новыя сцежкі, але праблему доўга ігнаравалі, маўляў, усё там у парадку. Але як жа ў парадку, калі хтосьці ўжо пацярпеў? Скончылася ўсё тым, што ў адным запыце я напісала, што, калі праблема зноў праігнаруецца, я пачну пісаць па ўсіх СМІ. І раптоўна працы пачаліся, і восенню 2021 года на тым месцы ўжо быў новы тратуар.

Былі і мілыя кейсы. Напрыклад, аднойчы я даслала на 115.бел скаргу, што недалёка ад станцыі метро «Інстытут культуры», на вуліцы Магілёўскай, была невялікая забруджаная смеццем пустка. Якім было маё здзіўленне, калі пасля звароту на тым месцы не толькі ўсё прыбралі, але і высадзілі хмызняк і дрэвы, нават зрабілі з іх нейкую кампазіцыю. Мне было вельмі прыемна і радасна гэта пабачыць, я потым яшчэ некалькі тыдняў паказвала гэтае месца ўсім знаёмым.

А з забаўных гісторый была такая: некалькі разоў я прасіла прыбраць смецце побач з маім домам, а потым мне патэлефанавала жанчына, здаецца, з ЖЭСа і папрасіла менш шпацыраваць, каб дасылаць ім менш зваротаў. Я доўга смяялася, але запыты рабіць працягвала.

Расчыстка снегу — таксама справа камунальнікаў 

Расчыстка снегу — таксама справа камунальнікаў 


— Як ты ацэньваеш камунікацыю з дзяржустановамі падчас зваротаў на 115.бел?

— У большасці выпадкаў усё было абсалютна адэкватна і спакойна, па зваротах сапраўды штосьці рабілі. Мне падабаецца, што 115.бел працуе даволі хутка, зручна і празрыста, хаця, канешне, могуць здарацца нейкія тэхнічныя праблемы.

У некаторых выпадках, як з тым тратуарам, трэба было быць рашучай і змагацца. Але яно таго сапраўды вартае, бо ў гэтым месцы мне ж самой, ды і маёй сям’і потым жыць.

— Якую параду можаш даць тым, хто толькі пачынае?

— Не баяцца і пачынаць! Нават адзін зварот лепш, чым ніводнага. Увогуле, 115.бел — гэта вельмі просты і бяспечны метад актывізму, якім можна займацца з любой кропкі планеты. Таму, нават калі вы з’ехалі за мяжу, нічога не перашкаджае вам рабіць сваю радзіму лепшай праз, напрыклад, знаёмых ці сям’ю. Можна, нават праглядаючы чужыя гісторыі ў Інстаграме, заўважыць праблему і паскардзіцца праз 115.бел. У рэшце рэшт нам яшчэ вяртацца ў Беларусь. Хай наш дом будзе яшчэ больш цудоўным.

Нягледзячы на распаўсюджаны скептыцызм адносна дзяржаўных сэрвісаў, даволі часта звароты ў сэрвіс 115.бел маюць паспяховыя вынікі. Таму, калі ў наступны раз вы заўважыце праблемны момант у гарадскім асяроддзі ці ў вашым прыватным месцы жыхарства, смела тэлефануйце на нумар 115 альбо пакідайце зварот на электронным партале сэрвісу ці праз мабільны дадатак. Калі ж вам захочацца самастойна вырашыць пытанне, не саромейцеся пракансультавацца з дасведчанымі актывістамі з гарачай лініі «Зялёнага тэлефона».